Рэцэпт поспеху ад Бярозаўскага мясакансервавага камбіната

Вялікія шафы з дыпломамі, узнагародамі — амаль паўстагоддзя працы Бярозаўскага мясакансервавага камбіната адлюстраваны ў «зале славы» прадпрыемства. Толькі за мінулы год дзясятак высокіх адзнак на розных конкурсах, у тым ліку прэмія ўрада ў галіне якасці. І аб’ёмы ўражваюць. На прадпрыемстве лічаць, што на якасць гатовага прадукту ўплывае кожны этап: пачынаючы з вырошчвання жывёлы і заканчваючы работай у цэхах і гандлем. Пакупнікі ахвотна бяруць смачную прадукцыю.

 

Тэхналагічны падыход

Марыя Шык, якая выконвае абавязкі начальніка аддзела маркетынгу, дэманструе два Гран-пры, заваяваныя ў 2024-м: на конкурсах «Лідар спажывецкага рынку» і «Прадукт года». Камбінат перыядычна абнаўляе асартымент. Да лета збіраюцца ўдасканаліць выпуск вараных каўбас, якія на рынку шмат гадоў. Для гэтага закупілі найноўшае абсталяванне.

— Склад «варонкі» традыцыйны: свініна, ялавічына. Таксама вада, меланж (неабходна звязваць вільгаць), сухая сыроватка і комплексныя харчовыя дабаўкі. Калі ў назве пазначана, што каўбаса з маслам, яно таксама будзе ў складзе, — распавядае галоўны тэхнолаг прадпрыемства Алена Цераховіч. — У вытворчасці вараных каўбас мы пачнём выкарыстоўваць найноўшыя комплексныя харчовыя дабаўкі. Дабаўкі, якія значацца як натуральныя, дапускаюцца Міністэрствам аховы здароўя.

Вядома, пакупнікі знойдуць каўбасныя вырабы і без дабавак, выпушчаныя згодна з патрабаваннямі вядомага ДАСТа (Бярозаўскі мясакамбінат — адно з тых прадпрыемстваў, якое працуе па гэтых нарматывах, хоць шматлікія вытворцы цяпер прапісваюць свае ТУ, што спрашчае работу).

Бярозаўскія тушонкі амаль усе выпускаюцца толькі з натуральнымі спецыямі. Свая тэхналогія распрацавана для вытворчасці вяндліны ў квадратных бляшанках. Таксама як і тушонкі ў шкляных слоіках — працаёмкі працэс, практычна ручны.

Імкнуцца ўлічваць тэндэнцыі да здаровага харчавання, але... Мяса — гэта мяса: у ім і бялок, і тлушчы. Так, ёсць прадукты, дзе больш бялкоў і менш солі. Яе павінна быць менш і па нормах дзіцячага харчавання (напрыклад, у сасісках), як нельга выкарыстоўваць і пякучыя вострыя спецыі, адпаведна, многія дабаўкі выключаюцца. Сёння людзі больш купляюць мяса, якое могуць прыгатаваць самі, — і камбінат стаў прапаноўваць паўфабрыкаты.

 

Здзіўляць спажыўцоў

Ёсць праекты новай прадукцыі. На кожны прадукт пішацца тэхналагічная карта, у якой пазначаны склад: інгрэдыенты, асноўная сыравіна, дадатковая. Любы чалавек, нават навічок, можа адкрыць карту і па ёй адсочваць працэс — каб не дапусціць адхілення. Асартымент і план вытворчасці складаюцца паводле спажывецкіх запытаў. Але бываюць прыемныя нечаканасці. Напрыклад, паляўнічыя на давальніцкай аснове прывозяць тушы дзікіх жывёл. І тады з’яўляюцца невялікія партыі вырабаў з мясам казулі, аленя ці зубра (іх шмат у лясах Беларусі), таму склад прадукту можа мяняцца на 30 %, але на кошт гэта не паўплывае! Пакупнікі звяртаюць увагу на каўбасы з незвычайнымі дабаўкамі — каньяком або журавінамі, праванскімі травамі.

Усё ж асноўная сыравіна для камбіната — свініна і ялавічына. А якасць мясных вырабаў залежыць і ад таго, на якіх кармах вырашчаны жывёлы. У сыравінную зону Бярозаўскага мясакамбіната ўваходзіць дзевяць раёнаў Брэсцкай вобласці. Акрамя таго, ёсць тры ўласныя сельгаспрадпрыемствы: «Белазем’е», «Боркі» і «Імянінскі», дзе гадуюць буйную рагатую жывёлу для сваіх патрэб. Гэта дазваляе працаваць больш гнутка. Свініну камбінат перапрацоўвае ўсю: яе менш. А ялавічыну, якую не выкарысталі ў вырабах, імкнуцца прадаць у іншым выглядзе.

Рынкавы акцэнт

Паказальна, з чым прадпрыемства выходзіць на замежныя рынкі, дзе якасныя патрабаванні адыгрываюць вырашальную ролю. На сённяшні дзень 60 % яго экспарту прыпадае на Расію. Далей — Узбекістан, трэці — Кітай. Потым — Казахстан, Кыргызстан, Азербайджан, Паўднёвая Карэя і нават краіны Афрыкі.

 

Азіяцкія краіны цікавяцца найперш ялавічынай, яе паўфабрыкатамі. У прыватнасці, у Кітай ідзе мяса на костках у вялікіх аб’ёмах — да 40 тон у тыдзень. Цяпер думаюць аб тым, каб пастаўляць не толькі паўфабрыкаты, але пры магчымасці і костку. Перспектыўная мэта — цалкам разбіраць тушы і рэалізоўваць усё, да апошняй костачкі.

— У мясной вытворчасці шмат дадатковых прадуктаў, і яны запатрабаваныя, — удакладняе Алена Плашкевіч, начальнік аддзела кіравання якасцю. — Мы пастаўляем альбумін (сухая кроў), неабходны для вырабу гематагену. Супрацоўнічаем з «Белмедпрэпаратамі» па эндакрынна-ферментнай сыравіне (напрыклад, з гіпофіза робяць лекі). У межах дзяржзаказу пастаўляем скураную сыравіну на прадпрыемствы краіны, з яе вырабляюць сумачкі. Робім корм для пушных звяроў, з якіх шыюць футры. У ход ідзе ўсё, што можна прадаць ці апрацаваць.

Вырабляюць нават корм для сабак і катоў, на гэта адводзяць спецыяльны дзень, каб забяспечыць вытворчасць згодна з ветэрынарнымі правіламі і санітарнымі нормамі — яны іншыя, чым пры выпуску прадуктаў для людзей.

...Сярод высокіх паліц са скрынямі — кожная запоўнена пэўнымі прадуктамі — бачыцца сілуэт тоненькай дзяўчыны, якая глядзіць на экран манітора. Рабатызаваная складская сістэма дазваляе «разгрузіць» чалавека. На прадпрыемстве пастаянна вядзецца маніторынг: што мадэрнізаваць, каб удасканальваць тэхналагічныя працэсы і якасць прадукцыі.

Працуе і «гарачая лінія», куды можа звярнуцца кожны спажывец са сваімі заўвагамі. Зваротную сувязь з пакупнікамі забяспечвае і фірменны гандаль.

 У камбіната каля 30 фірменных крам — у Бярозе, Брэсце, Мінску, Магілёве, — тлумачыць Ларыса Гурэц, намеснік генеральнага дырэктара па фірменным гандлі і маркетынгу. — Фірменныя крамы дапамагаюць людзям не толькі выбраць прадукт, але і даведацца пра навінкі, удакладніць характарыстыкі якасці. А нам — разумець патрабаванні пакупнікоў.

У найбліжэйшы час прадпрыемства чакае рэбрэндынг. Цяпер выпрацоўваецца стратэгія развіцця: якія новыя прадукты ўводзіць, думаюць нават пра тое, як яны павінны выглядаць на паліцы.

Новости по теме