Пастаўскія сыры ў Сібіры на ўра
- 29.10.2015 03:00
Амаль пяць сутак правесці ў дарозе і пераадолець 4,5 тысячы кіламетраў давялося вадзіцелям малаказавода, каб трапіць у Новасібірск на кірмаш-продаж беларускіх тавараў.
І пры гэтым дамоў вярнуліся з масай прыемных уражанняў.
Арганізатарамі кірмашу-продажу, які праходзіў з 1 па 11 кастрычніка ўключна, выступілі Белкаапсаюз, аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам, беларускія міністэрствы, канцэрны, іншыя структуры пры садзейнічанні аддзялення Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў Новасібірску. Аўтамабіль з 15 тонамі сыроў з Пастаў туды адправіўся загадзя, 27 верасня. Прадстаўнікі прадпрыемства — а гэта першы намеснік дырэктара ААТ “Пастаўскі малочны завод” Васіль Уладзіміравіч Катовіч і таваразнаўца Валянціна Мар’янаўна Хаткевіч — самалётам вылецелі пазней.
— У першыя дні ладзіліся бізнес-сустрэчы і індывідуальныя перамовы прадстаўнікоў беларускага боку з дзелавымі коламі Сібірскай Федэральнай акругі для садзейнічання правядзенню кірмашу-продажу і выпрацоўкі сістэмы гандлю ў рэгіёне на перспектыву, — дзяліўся падчас размовы В. У. Катовіч. — Прайшла дэгустацыя прывезенай прадукцыі, а потым яе сталі прадаваць. Для гандлю выдзелілі месца на плошчы Леніна, і гэта для беларусаў зрабілі ў парадку выключэння. Быў прадстаўлены шырокі асартымент тавараў беларускіх вытворцаў. Мы вазілі 7 сартоў сыру: “Каралеўскі”, “Беларускае золата”, “Маздамер”, “Пармезан Гранд”, “Груер”, “Галандскі” і “Расійскі”. Два апошнія расіянам добра вядомыя, упадабалі яны і ўсе іншыя. На пробу звычайна куплялі па 200-300 грамаў, а потым вярталіся і бралі цэлыя кілаграмы. Сыры ішлі на ўра, за імі выстройваліся чэргі, тавар хвалілі за яго якасць. Людзі прасілі адкрыць у горадзе нашы магазіны, а напярэдадні Новага года яшчэ раз парадаваць пастаўскай прадукцыяй.
Дарэчы, частку сыроў, нерэалізаваных падчас кірмашу-продажу, прадстаўнікі малаказавода пакінулі фірме таварыства з абмежаванай адказнасцю «Рытэйлімпарт Сібір». Па заключанай дамоўленасці ў далейшым яна будзе гандляваць пастаўскімі сырамі ў Новасібірску.
Расказаў Васіль Уладзіміравіч і пра адносіны сібіракоў да беларусаў. Жыхары паўтарамільённага горада наведвалі кірмаш, а заўважыўшы нашу палатку і машыну з лагатыпам “Паставы-гарадок”, ахвотна падыходзілі, заводзілі гаворку, знаёміліся.
Источник: www.postawy.by