Навінкі Полацкага хлебазавода задаволяць любы густ

У кожнага з нас свой асабісты стыль, густ і, увогуле, лад жыцця. І, зразумела, свае перавагі ў харчаванні.

Задаволіць існуючы пакупніцкі попыт і нават прадбачыць яго зменлівы характар — справа вытворцаў.

У накірунку вывучэння прыярытэтаў спажывецкага попыту, распрацоўкі і ўкаранення ў вытворчасць хлебабулачных вырабаў, якія забяспечваюць нават самыя запатрабавальныя запыты, нястомна працуе калектыў Полацкага хлебазавода. Вынік яго работы палачане заўсёды маюць магчымасць убачаць на прылаўках, набыць і пакаштаваць на смак. І — сапраўдная ўдача для абодвух бакоў, калі першае знаёмства пакупніка з прадукцыяй хлебапёкаў пакладзе пачатак доўгаму «сяброўству».

Увогуле, у асартыментным пераліку прадукцыі, якую выпускае Полацкі хлебазавод толькі за месяц, больш за 50 найменняў. І гэты спіс пастаянна абнаўляецца — нягледзячы на тое, што хлебабулачныя вырабы маюць падобнае функцыянальнае прызначэнне і адрозніваюцца, у асноўным, па кошту і якасці. Ад нейкіх відаў хлебабулачных вырабаў даводзіцца адмаўляцца па эканамічных меркаваннях, да нейкіх — палюбіўшыхся спажыўцам, наадварот, вяртацца. Як гэта адбылося, напрыклад, са здобнай булкай «Смакавінка», яна — з ліку найбольш удалых уласных распрацовак спецыялістаў Полацкага хлебазавода. Сласцёнам асабліва даспадобы яе начынка — мак з цукрам. Дарэчы, «Смакавінка» ў свой час атрымала высокую ацэнку на рэспубліканскім конкурсе-дэгустацыі «ГУСТ». Па просьбах пакупнікоў яе зноў пачалі выпякаць на прадпрыемстве. А вось булка «Дружныя суседкі» — гэта навінка вытворчасці. Хлебапёкі спадзяюцца, што пакупнікі ацэняць яе смак і арыгінальную форму: і сапраўды, нібы дружныя суседкі, цесненька, адна да адной, «сядзяць» некалькі булачак, зверху пасыпаныя кунжутам і макам.

Хлебапячэнне — адно з самых важных і ганаровых заняткаў. Хлеб — вынік шчырай працы, якая ўвабрала ў сябе сілу чалавека, яго настойлівасць, мудрасць і аптымізм.

1 — Вытворцам умацавацца на рынку сёння няпроста, — адзначае начальнік лабараторыі Ларыса Ігнатава. — Трэба шукаць, развівацца, абнаўляцца, рухацца наперад. Таму мы час ад часу спрабуем прапанаваць новыя віды хлебабулачнай прадукцыі — з надзеяй, што яны знойдуць сваіх пакупнікоў.

Два віды новай прадукцыі выпусцілі работнікі прадпрыемства і да пачатку Каляднага посту. Гэта «Булачка посная з разынкамі» і «Булачка да посту звычайная», пры вырабе якіх выкарыстоўваецца алей. Спажыўцы ўжо заўважылі з’яўленне такой «адраснай» прадукцыі на гандлёвых прылаўках і ацанілі ўвагу вытворцаў да патрэб самых розных катэгорый пакупнікоў. Аксана ШУЙСКАЯ. Фота Андрэя МАРЦЫНКЕВІЧА.На фота: спецыяліст па продажах Анастасія Пачкоўская дэманструе новую прадукцыю прадпрыемства, выпуск якой наладжаны да Каляднага посту.

Полацкi веснiк