Пружанцы хвалят «Универсам», «Санар» и «Полевой», а «Универмаг», «Лель» и «Фараон» ругают

Раённая газета паведамляла ўжо, што на апошнім пасяджэнні райвыканкама было разгледжана пытанне аб стане і перспектывах развіцця рознічнага гандлю раёна.

Аналіз спраў у гэтай надзвычай важнай сферы жыццядзейнасці людзей быў зроблены грунтоўны і гэта стала магчымым дзякуючы вашай дапамозе, шаноўныя чытачы. Хацелася б выказаць словы ўдзячнасці ўсім, хто прыняў асабісты ўдзел у відэаапытанні па гандлёвым абслугоўванні і рабоце грамадскага харчавання нашага раёна.

Аддзелам ідэалагічнай рабо-ты адначасова праведзена анкетаванне ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства. І зроблена гэта было, трэба адзначыць, пры асабістай зацікаўленасці ў эфектыўнасці разгляду пытання намесніка старшыні райвыканкама Вячаслава Мікалаевіча Зубко. Спадзяюся, у будучым для ўсіх кіраўнікоў раённых служб і арганізацый крытычныя заўвагі і пункты гледжання будуць служыць толькі падставай для якаснага перагляду сваёй дзейнасці. Асабліва пры разглядзе пытанняў у райвыканкаме.

А зараз, я думаю, вам будзе цікава даведацца, як ацанілі ўзровень працы гандлёвых кропак і аб’ектаў грамадскага харчавання нашы спажыўцы, гэта значыць — мы з вамі.

Для ацэнкі былі прапанаваны 17 магазінаў. Найвышэйшыя адзнакі (па 5-бальнай сістэме) атрымалі “Універсам” і магазін “Санар”, за іх выказалася адпаведна 64 і 63 працэнты апытаных. Хочацца сказаць дзякуй усім, хто працуе ў гэтых гандлёвых кропках, і адначасова адзначыць, што магазін райспажыўтаварыства і павінен быць першым, паказваць прыклад, а работнікі гандлёвай сеткі “Санар” проста малайцы. Далей ідуць “Дабраном”, “Верас” і “Палявы”, а вось работу астатніх магазінаў, якіх, на жаль, большасць, ацанілі на 3 балы і ніжэй.

Калі ж гаварыць пра нехарчовыя магазіны, то тут яшчэ працаваць і працаваць: работа нават “Універмага” ацэнена большасцю апытаных невысока – ад трох да аднаго бала. Звязана гэта ў першую чаргу з недастатковым для пакупніка асартыментам тавараў у гандлёвай кропцы.

Некалькі лічбаў і фактаў пра работу пунктаў грамадскага харчавання. Ёсць над чым падумаць уладальнікам кафэ “Фея” і бара “Лель”, якія за якасць сваёй працы атрымалі адмоўныя адзнакі адпаведна ад 60 і 52% апытаных. З другога боку, амаль аднолькавую колькасць станоўчых водгукаў атрымалі рэстараны “Пружаны”, “Піцер” і кафэ “Африка”.

У час апытання было ўзнята каля двух дзясяткаў праблемных пытанняў, з улікам якіх цяпер дадаткова вывучаецца думка грамадскасці аб неабходнасці наладжвання гандлю новымі відамі тавараў, прамысловымі альбо спецыялізаванымі, у залежнасці ад патрэб усіх, хто жыве ў раёне.

Кожнаму з нас хочацца жыць у камфортным горадзе і менш часу траціць на пошук неабходнага тавару для сябе і сваёй сям’і. Таму, калі вы, шаноўныя чытачы, яшчэ хочаце і можаце прапанаваць у гэтым плане нешта карыснае і важнае, тэлефануйце па нумары 9-34-74 у панядзелак, 3 снежня, да 12.00 гадзін. Будзем рады вас выслухаць.

А наогул усім нашым уладаль-нікам кропак гандлю і грамадскага харчавання хочацца сказаць, каб яны звярталі больш увагі на кожнага наведвальніка, які прыйшоў да іх, і на элементарны парадак на прылягаючай тэрыторыі. Відаць, мала каго прывабіць, напрыклад, наш “Фараон”, каля будынка якога практычна заўсёды валяецца смецце, а скрынкі для яго зламаны і палохаюць сваім выглядам. Мне гэта не падабаецца, упэўнена, што і вам таксама…

P.S. Але, напэўна, за апошнія дні нешта здарылася, і пачалі ўсё ж такі наводзіць парадак. Толькі ці надоўга?

Наталля Зеляняк, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама.

Источник: Раённыя буднi