Почему снижаются объемы потребления хлебной продукции

Мы — вялікія едакі разнастайных відаў хлебабулачных. Жаданым гасцінцам, пра які гавораць з прыдыханнем мае сябры за мяжой, з’яўляецца менавіта жытні беларускі хлеб. «Прывязі, перадай, не забудзься» — так просяць аб смачным падарунку, значыць, яго шануюць, а не проста паважаюць. Але ці па-ранейшаму цёпла ставімся мы да галоўнага багацця сёння, ці шмат ужываем, як змяніліся нашыя густы ў выбары гатункаў сучаснага хлеба і выпечкі? Карэспандэнт «Р» наведала найстарэйшы ў Мінскай вобласці хлебазавод, каб даведацца пра тэндэнцыі ў спажываннi народнага прадукту.

Па слядах хлебных крошак

Марыя Сінькевіч, галоўны маркетолаг прадпрыемства «Барысаўхлебпрам», адзначае тэндэнцыю: аб’ём спажывання хлебнай прадукцыі насельніцтвам за апошнія гады некалькі знізіўся:

— Справа ў тым, што адбылося пераразмеркаванне вытворчасці хлеба: у мас-маркеце, рэтэйле, прыватных пякарнях. Плюс у сем’ях сталі купляць хлебапечкі і старанна сачыць за сваiм здароўем, выпякаюць вырабы самастойна. Заводскі хлеб па-ранейшаму ў пашане, яго любяць і ў нас, і за мяжой. Кажучы пра папулярнасць жытнёва-пшанічнага хлеба, трэба замовіць слова і пра яго карыснасць. Урачамі адзначаны цікавы факт: у аматараў жытніх вырабаў значна радзей сустракаюцца захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы і ішэмічная хвароба. Ён ратуе ад малакроўя, бо змяшчае на траціну больш калію і на 50 працэнтаў — магнію, чым у белым хлебе. Гэта ўнікальны прадукт, якім можна паабедаць і наесціся.

Насамрэч мы, як жыхары гарадоў, сталі больш распешчанымі ў выбары ўсяго мучнога. Сёння назіраецца хлебны бум у гандлёвых сетках, дзе прадстаўлены шырокі выбар уласнай выпечкі і некалькі ўрэзаны асартымент прадукцыі хлебазаводаў. Мітуслівае жыццё прывяло і да значных змен у справе ўпакоўкі хлебабулачных вырабаў. Спажывец сёння разгультаіўся, як кажуць на хлебазаводах, ён не хоча займацца нават нарэзкай хлеба, валтузнёй з пакетамі. Купіў, хутчэй распакаваў, з’еў і забыўся. Таму сёння ўсе вытворцы прадукту нумар адзін імкнуцца здзівіць асартыментам і ўнікальнасцю вырабаў.

Ключ да поспеху хлебапёкаў

Дзіўна, якой толькі няма хлебабулачнай прадукцыі на паліцах у крамах… Гэта боханы хлеба на любы густ са светлым і цёмным мякішам, з рознымі дабаўкамі: сухафруктамі, семкамі, салам і іншым. Для прыхільнікаў здаровага спосабу жыцця — папулярная лінейка хлебабулачных вырабаў без выкарыстання прасаваных дражджэй, дыетычнага (дыябетычнага) і прафілактычнага харчавання, узбагачаныя вырабы.

Акрамя таго, у барацьбе за пакупніка наступае на пяткі нашым вытворцам велізарны паток расійскай і іншай замежнай прадукцыі. Канкурэнты часцяком прывабліваюць нашых пакупнікоў нізкімі цэнамі і арыгінальнай формай. Мяркуючы па этыкетцы, імпартнае печыва з тваражком чамусьці можа мець тэрмін прыдатнасці паўгода. Маладым бацькам варта падумаць пра тое, ці купляць маленькаму дзіцяці ці сабе такую смакату пралангаванага дзеяння.

ТОЛЬКI ЛIЧБЫ

Рынак хлеба і хлебабулачных вырабаў у краіне прадстаўлены вялікай колькасцю ўдзельнікаў. Вытворчасцю займаюцца 11 хлебапякарных прадпрыемстваў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, 6 хлебазаводаў КУП «Мінскхлебпрам», 66 — Белкаапсаюза і 41 — камунальнай формы ўласнасці, а таксама гандлёвыя і іншыя арганізацыі, якія маюць свае пякарні.

Паводле звестак Белстата, больш за ўсё спажываюць хлеб расiяне (117 кг у сярэднім на душу насельніцтва), палякі (102 кг) і ўкраінцы (101 кг). Але і беларусы не адстаюць: 81 кілаграм ужылі ў сярэднім на душу насельніцтва па вынiках мінулага года.