Пружанский молочный комбинат порадует новыми сырами

Сёння ААТ «Пружанскі малочны камбінат» з’яўляецца адным з буйнейшых вытворцаў Брэсцкага рэгіёна.

Малочныя вырабы прадпрыемства ведаюць у многіх кутках Беларусі. Прадукцыя карыстаецца заслужаным попытам у Расіі і Казахстане. Усе гады існавання камбінат застаецца верным абранаму крэда — якасць пры пастаяннай арыентацыі на спажыўца.

Камбінат выпускае сваю прадукцыю, абапіраючыся на лепшыя традыцыі сыраварэння. Сёння аснову вытворчасці складае выпуск паў-цвёрдага сычужнага сыру, галоўны з якіх — сыр «Расійскі малады» з масавай доляй тлушчу ў сухім рэчыве 50%. Дарэчы, гэта самы старэйшы сыр прадпрыемства. Па асабістай тэхналогіі тут выпускаюць фірменны сыр «Пружанскі» з выражаным сырным смакам, крыху больш саланаваты, пластычны. Папулярнасцю карыстаецца і «Сметанковы».

Пасля дасягнення цудоўных вынікаў у вытворчасці сыроў, якія ідуць у Расію, было вырашана пашырыць асартымент. Асноўным аўтарам і ініцыятарам у гэтай справе стала начальнік сыраробнага цэха Алена Мікалаеўна Карсюк, якая працуе на камбінаце ўжо больш 20 гадоў. Была распрацавана вытворчасць ферментаваных паўцвёрдых сыроў, вырабляемых па тэхналогіі галандскага сыру. Так з’явіліся «Аляксандраўскі», «Галандскі прэміум», «Стары Амстэрдам». Апошнія навінкі — «Швейцарскі дар» і «Мааздам дэЛюкс» — сярод іншых сыроў перш за ўсё выдзяляюцца сваім знешнім выглядам: наяўнасцю буйных — да двух сантыметраў – «вочак». Прыгожыя «вочкі»-дзірачкі ўтвараюцца дзякуючы выкарыстанню ў вытворчасці прапіонава-кіслых бактэрыяў, якія да таго ж дадаюць сыру незвычайны салодка-арэхавы смак.

Новыя віды вырабляюць як па форме нізкага цыліндра, так і прамавугольнага бруска – «еўраблок» да 15 кілаграмаў, якія пакрываюць больш сучасным полімерным матэрыялам. І калі «Швейцарскі» мае звычайную абалонку светла-жоўтага колеру, то «Амстэрдам» — шакаладнага. Паралельна спецыялісты камбіната распрацавалі новы крэатыўны дызайн упакоўкі, які прыцягвае ўвагу пакупніка.

— Калі па праграме імпартазамяшчэння не так даўно Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ладзіла паездку ў Галандыю для спецыялістаў, каб тыя перанялі вопыт у замежных калег, «уверсе» былі прыемна здзіўлены, калі даведаліся, што мы ўжо выпускаем еўрапейскія віды сыроў, — расказавае Алена Мікалаеўна. — У Галандыі нам давялося наведаць шэраг буйных камбінатаў. Заўважылі, што ручная праца амаль цалкам выключана: каб зрабіць за суткі 100 тон сыру, прадпрыемству на вытворчасці патрэбна ўсяго 15 чалавек! Праўда, і якасць нашага малака яшчэ саступае — у малацэ ад еўрапейскіх рагуль утрыманне бялку на парадак вышэй. Але мы звярнулі ўвагу на лепшыя моманты і прыкладзем усе намаганні, каб пружанскі сыр быў як мага больш падобны на элітны еўрапейскі. Урэшце ад гэтага будзе залежаць і працвітанне прадпрыемства ў цэлым.

Як сыраробу, ёй хацелася б, каб адносіны беларусаў да гэтага прадукту памяняліся: сыр мае права на існаванне як асобная страва, якая не кладзецца лустачкамі на бутэрброд, а рэжацца на сярэдняга памеру кубікі і ў такім выглядзе падаецца на стол.

А зусім нядаўна з’явіўся «Грувер асаблівы» — самы доўгаспеючы сыр. Тэрмін яго захоўвання ў камерах — 120 дзён. Тэхналогію вырабу яшчэ адпрацоўваюць, таму просяць спажыўцоў пакуль не судзіць строга пружанскіх сыраробаў.

— Людзі стагоддзямі выпрацоўваюць тэхналогіі сыраробства. У Францыі, напрыклад, кожны раён аддае перавагу нейкаму аднаму віду сырнага прадукта. Мы ж пакуль толькі пачалі ствараць такія традыцыі, — з веданнем справы зазначае галоўны тэхнолаг камбіната Жана Мікалаеўна Падалянчык. — Звычайнаму абывацелю не вядома, што сыр нараджаецца не проста так. І нават калі купіць гатовую тэхналогію, пакуль давядзеш яе да дасканаласці, спатрэбіцца прыкласці нямала намаганняў.

Мадэрнізацыя на асобым кантролі

Набыццё самага сучаснага абсталявання дазваляе сур’ёзна палепшыць якасць прадукцыі, павялічыць магутнасці і панізіць энергазатраты. Многія на гэтым і спыняюцца, але толькі не Пружанскі малочны камбінат. Сур’ёзная рэканструкцыя пачалася ў 2007 годзе. Першым быў абноўлены цэх вытворчасці сухіх малочных прадуктаў — літаральна за год была ўстаноўлена новая распыляльная сушылка. Далей, у 2009 годзе, была рэканструявана сыраробная вытворчасць — старое абсталяванне састарэла як фізічна, так і маральна. У выніку за 7,2 мільёна еўра на прадпрыемстве быў аўтаматызаваны ўвесь працэс выпуску сыроў, пачынаючы з прыёмкі малака і заканчваючы ўпакоўкай гатовай прадукцыі. Паралельна з наладкай нямецкага і аўстрыйскага абсталявання ішло абучэнне спецыялістаў працы на ім. Яшчэ 50 мільярдаў рублёў было выдаткавана на будаўнічую частку — будынкі ўзвялі са зборных металічных канструкцый з нержавеючай сталі. Магутнасці цэха па вытворчасці сыру павялічыліся з 2 да 8 тон за змену. А аб’ёмы вытворчасці гэтага прадукта — да 24 тон за суткі.

Для паляпшэння якасці сухой малочнай сыроваткі, 98% якой адпраўляецца на экспарт, было прынята рашэнне набыць дадатковае тэхналагічнае абсталяванне, у яго склад уключыць устаноўку нана-фільтрацыі. Свой выбар спынілі на вядучых еўрапейскіх вытворцах.

На дадзены момант аб’яўлены тэндар на набыццё абсталявання для рэканструкцыі ўчастка па вытворчасці масла і тварагу.

Палітыка якасці

Сучасны рынак пастаянна дыктуе свае патрабаванні да якасці малочных прадуктаў, іх асартыменту, знешняга выгляду і ўпакоўкі. Пакупнік жадае бачыць прадукт самай высокай якасці ў спалучэнні з прымальнай цаной, таму асноўная задача кожнага прадпрыемства — павышэнне канкурэнтаздольнасці выпускаемай прадукцыі. Але канкурыраваць на рынку магчыма толькі пры захаванні строгай палітыкі якасці, якой на малочным камбінаце надаецца асаблівая ўвага.

Кантроль за якасцю ажыццяўляецца вытворча-тэхналагічнай і радыеметрычнай лабараторыямі, якія атрымалі дазвол на дзейнасць у сістэме акрэдытацыі РБ. Укараненне сістэмы дазваляе забяспечваць кантроль на ўсіх этапах вытворчага ланцужка. Пра тое, што калектыў ідзе ў правільным накірунку, сведчыць прысваенне тром відам сыроў — «Сметанковаму», «Пружанскаму» і «Расійскаму маладому», а таксама сыроватцы і маслу сметанковаму звання «Лепшы прадукт года» і права маркіроўкі на працягу года ўпакоўкі прадукцыі спецыяльным знакам.

Якасць прадукцыі залежыць і ад сыравіны. Калі ў гаспадарках раёна запускаліся малочнатаварныя комплексы, камбінат за кожным з іх замацоўваў лабарантаў з прадпрыемства, якія дапамагалі прывесці ў адпаведнасць з нормамі працэс атрымання якаснай сыравіны. У выніку сёння 86% малака паступае ад гаспадарак гатункам экстра ці вышэйшым.

Накірунак на экспарт

Асноўным стратэгічным партнёрам прадпрыемства з’яўляецца Расія, дзе збыт вядуць тры афіцыйныя дыстрыб’ютары вось ужо на працягу больш дзясятка гадоў. У ліпені бягучага года былі заключаны два кантракты на пастаўку сыроваткі ў Санкт-Пецярбург. Гэта новы накірунак для прадпрыемства.

Добрыя сувязі таксама наладжаны з партнёрамі з Казахстана, якія з’явіліся пасля ўдзелу камбі-ната на міжнароднай выставе ў Астане. Наогул, маркетынгавая служба выкарстоўвае любую магчымасць, каб прыняць удзел у галіновых выставах, кірмашах, каб быць у курсе спраў сваіх калег і заяўляць пра сваю прадукцыю.

Усяго ж за дзевяць месяцаў 2012 года аб’ём экспарту склаў 16 мільёнаў 837 тысяч долараў ЗША, што складае 108% да ўзроўню экспарту папярэдняга года. У структуры экспарту сыр займае 86,5%, сыроватка — 6,2%, масла — 7,3%.

Варта адзначыць, што на працягу трох месяцаў з прадстаўнікамі гандлёвай арганізацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі вяліся перамовы па пастаўках сухой сыроваткі. У выніку ў кастрычніку прадпрыемства рэалізавала кітайскай кампаніі 150 тон прадукцыі. Ёсць дагаворанасць аб далейшым супрацоўніцтве.

Галоўнай вартасцю прадукцыі, выпускаемай на камбінаце, без сумнення з’яўляецца высокая якасць у спалучэнні з цудоўнымі смакавымі якасцямі і, што немалаважна, адпаведнасць гэтай якасці цане. Еўрапейская якасць пружанскіх сыроў, безумоўна, павінна задаволіць нават самых патрабавальных гурманаў.

Марына Вакульская, Аляксандр Мелеш (фота).

На здымках:

Майстар па выспяванні сыру Юлія Валер‘еўна Катыла;

аператар лініі вытворчасці сыру Марына Мікалаеўна Панасевіч і адказны за ўвесь тэхналагічны працэс Сяргей Аляксандравіч Жураўлёў;

майстар па выспяванні сыру Таццяна Уладзіміраўна Шопік.

Источник: Районные будни