На Камароўцы "замерзлi" цэны на мяса i "абрынулiся" — на свежую зелянiну

Пасля апошняга нашага манiторынгу цэнаў на сталiчным Камароўскiм рынку прайшоў амаль месяц. Як за гэты час змянiлiся кошты на асноўныя харчовыя тавары тут?

Найперш варта адзначыць такую асаблiвасць: напэўна, упершыню з пачатку года, калi мы пачалi весцi рэгулярны манiторынг цэнаў, кошты на мяса — ад папярэдняга да сённяшняга "даследавання" — увогуле не змянiлiся. Мабыць, паўплывала тое, што цяпер масава пайшла "вiтамiнная прадукцыя" i цэны на яе робяцца ўсё меншымi? Як бы там нi было, аднак цяпер спажывец пры жаданнi аддасць за кiлаграм фiле свiнiны тыя ж, што i амаль месяц таму, 18—22 тысячы рублёў. Столькi ж каштуе i шыя. За кiлаграм кумпяка па-ранейшаму просяць 14,5—19 тысяч, за лапатку — 13,5—18 тысяч рублёў. Грудзiнка для смажання каштуе ўсё тыя ж 10,5—15 тысяч, свежае сала — 6—12 тысяч, салёнае сала (грудзiнка) — 13—19,5 тысячы рублёў за кiлаграм. Як бачна, з месца не зварухнулася цана нi па "нiжняй", нi па "верхняй" цэнавых планках. Тое ж датычыцца i цяляцiны з ялавiчынай. Як i амаль месяц таму кiлаграм мяса можна набыць адпаведна за 18—28 тысяч i 12,5—16 тысяч рублёў.

Адзiнае падаражэнне па мясной групе тавараў назiраецца толькi ў дачыненнi да птушкi. Так, кураняты за прайшоўшы час падаражэлi адразу па дзвюх цэнавых "планках": з 6990—7870 рублёў да 7500—7950 рублёў за кiлаграм. З яйкамi ад птушкафабрык сiтуацыя крыху iншая. Дзясятак па верхняй цэнавай "планцы" захаваў пазiцыi (4,1 тысячы рублёў), па нiжняй — страцiў (цяпер 2110 супраць ранейшых 2240 рублёў).

Пэўныя зрухi цэнаў закранулi i каўбасныя вырабы. Так, з аднаго боку, паўвэнджаная каўбаса не змянiла кошту па абедзвюх цэнавых планках — 11 480—25300 рублёў за кiлаграм. З iншага, "зварухнулася", прычым у бок павелiчэння i адразу па дзвюх пазiцыях каўбаса сыравэнджаная. З месяц таму яе можна было купiць за 24 340—38 900 рублёў, цяпер — за 24 900—39 990 рублёў за кiлаграм. Вараная каўбаса вышэйшага гатунку па "нiзе" каштуе тыя ж 11 240, па "версе" — 15 750 рублёў (было 15 900).

Па малочнай групе тавараў недзе цэны зменшылiся, дзесьцi павялiчылiся, па асобных пазiцыях — не зварухнулiся ўвогуле з месца. Да апошнiх можна аднесцi: смятану з асабiстых падворкаў (ранейшыя 7—8 тысяч) i масла ад прыватнiкаў жа (15—18 тысяч за кiлаграм). Смятана ад iншых прадаўцоў падаражэла па абедзвюх пазiцыях — да 4000—7040 супраць колiшнiх 3640—7020 рублёў. Малако раней прадавалi за 940—1730, цяпер — за 940—1770 рублёў. Тварог на вагу "скiнуў" па "нiзе", "дабавiў" па "версе": 4860—7580, а было 4900—6580 рублёў за кiлаграм. Заўважна, наколькi ён падаражэў па верхняй цэнавай "планцы". А вось той жа прадукт з прыватных падворкаў iстотна "скiнуў" па той жа пазiцыi. Цяпер яго прапануюць па 10 тысяч за кiлаграм (было 10—12 тысяч). Масла, наадварот, больш патаннела па "нiзе", чым "дабавiла" па "версе": 8800—16000 супраць ранейшых 9640—15650 рублёў за кiлаграм.

Кiлаграм мёду ўжо працяглы час захоўвае стабiльную цану — 25—30 тысяч. Бутэлька алею за прайшоўшы амаль месяц крыху падаражэла па нiжняй "планцы" — з 2700 да 2860 рублёў, па верхняй цана не змянiлася — 5860 рублёў.

Кiлаграм грэцкiх крупаў каштаваў 1960—2330, сёння — 2060—2610 рублёў. Гэта, можна сказаць, "лiдар" у групе — змянiлiся ў бок павелiчэння дзве "планкi". Рыс каштаваў 3030—7500, цяпер за яго просяць 2560—7720 рублёў. Трэба аддаць належнае: патаннеў ён па "нiзе" больш, чым падаражэў — па "версе". Проса цяпер iдзе па 1630—2940 (было 1440—2940 рублёў), манка — па 2140—2470 (2330—2470), гарох — па 1580—2730 рублёў (ранейшы кошт — 1580—2710). Макаронныя вырабы падаражэлi па нiжняй цэнавай "планцы" — з 2330 да 2440 рублёў за кiлаграм, верхняя не зварухнулася — тыя ж 9,7 тысячы. Па "нiзе" ж крышачку патаннела i мука вышэйшага гатунку — да 1400 рублёў за кiлаграм, "верх" захаваўся (2030 рублёў).

"Лiдар" сёння — скумбрыя. Па "нiзе" яна "дабавiла" (да 8,7 тысячы супраць папярэднiх 7,5 тысячы рублёў за кiлаграм). Аднак па "версе" — больш iстотна "скiнула". Параўнайце: было 16,5 тысячы за кiлаграм, стала — 11 тысяч. Па верхняй цэнавай "планцы" заўважна стаў каштаваць больш i кiлаграм жывога карпа — 6650 рублёў (было 5950), "нiжняя" цана засталася на ўзроўнi 4,5 тысячы. Хек зараз прадаюць па 12,5—15,8 тысячы (12,5—15,9 тысячы), гарбушу — па 12—12,5 тысячы за кiлаграм (было 11,5—12,5 тысячы), мiнтай — па 8,5—8,8 тысячы (8,6—8,8 тысячы рублёў).

Iстотна менш стаў каштаваць кiлаграм свежых шампiньёнаў. Цяпер за яго просяць 7,5—8,5 тысячы, а было з месяц таму — 8,2—9,5 тысячы за той жа кiлаграм. Пачак маянэзу (200—250 грамаў) каштуе 990—1780 супраць ранейшых 1070—1780 рублёў.

Бульба з асабiстых падворкаў (зразумела, леташнi ўраджай) па-ранейшаму каштуе 800—1500 рублёў. А вось буракi ад тых жа гандляроў ужо патаннелi — 800—1500 супраць ранейшых 1,2—1,5 тысячы за кiлаграм. Цыбуля ад прыватнiкаў па нiжняй цэнавай "планцы" iстотна падаражэла (з 800 да 1300 рублёў), па верхняй — так жа прыкметна ўпала (з 2500 да 1950 за кiлаграм). У iншых прадаўцоў яна не змянiлася "нiжнюю" цану (830 рублёў), затое крыху прыбавiла па "версе" — з 1,3 да 1,5 тысячы.

Часнок больш чым удвая "скiнуў" па нiжняй цэнавай "планцы" (з 5610 да 2380 рублёў), затое "ўтрымаў" верхнюю (па-ранейшаму 8 тысяч за кiлаграм). Дружна "рванулi" ўверх, прычым, па абедзвюх пазiцыях i даволi прыкметна, цэны на баклажаны i салодкi перац. Першыя з месяц таму абыходзiлiся пакупнiку ў 6610—9000 рублёў, цяпер ахвотным даводзiцца рыхтаваць 8—12 тысяч. Салодкi перац прываблiваў вока спажыўца колiсь за 7—11 тысяч, сёння на Камароўцы яго аддадуць толькi за 8—12,5 тысячы за кiлаграм. Але гэта, бадай, усе ўзрушэннi для наведвальнiка радоў з агароднiнай. Па ўсiх астатнiх пазiцыях — знiжэнне коштаў i багацце выбару. Так, пятрушка ўжо каштуе 12—20 тысяч за кiлаграм супраць ранейшых 20—25 тысяч рублёў, кроп — 10—15 тысяч, а было таксама 20—25 тысяч. Радуюць цаной спажыўца свежыя гуркi, за якiя сёння на рынку просяць 1,8—4 тысячы. Параўнайце, што было з месяц таму: 4,4—6,8 тысячы. Не адстаюць i памiдоры: сёння iх цана складае 4—7,5 тысячы замест папярэднiх 6—8 тысяч за кiлаграм. Патаннела i радыска: з 3—6 тысяч да 2,5—5 тысяч. Раннюю капусту можна зараз купiць па 1,3—1,6 тысячы, а той жа кiлаграм некалькi тыдняў таму каштаваў 3—3,5 тысячы — патанненне больш чым удвая.

З садавiной сiтуацыя некалькi iншая. Тут адназначна сталi каштаваць менш толькi мандарыны новага ўраджаю — 3,5—8 тысяч супраць нядаўнiх 4—8,5 тысячы рублёў. Крыху патаннелi кiвi — 700—1000 рублёў за штуку (700—1100). Не зварухнулася цана на лiмоны, яны па-ранейшаму iдуць па 4—6,5 тысячы. Падаражэлi яблыкi i бананы — па абедзвюх цэнавых "планках". Так, першыя сёння прадаюцца па 2,5—8,5 тысячы, а было 1,5—8 тысяч. Другiя з месяц таму каштавалi 3,2—4 тысячы, цяпер за iх просяць 3,8—4,2 тысячы за кiлаграм. Патаннелi па "нiзе" грэйпфруты — да 4,5—7,5 тысячы супраць ранейшых 5,5—6,5 тысячы за кiлаграм. Грушамi цяпер гандлююць па 5,5—8,5 тысячы, а было 4—9 тысяч рублёў. Iмпартны вiнаград "накiнуў" па нiжняй цэнавай "планцы" (з 7 да 8 тысяч), "скiнуў" па верхняй (з 12 да 11 тысяч за кiлаграм). Апельсiны новага ўраджаю прадаюцца на рынку па 3,5—7,5 тысячы, а было раней — 3—7,5 тысячы рублёў.

Амаль усе сухафрукты не змянiлiся ў кошце. Разынкi прадаюць па 9—20 тысяч за кiлаграм, курагу — па 6—20 тысяч, чарнаслiў — па 11—22 тысячы, iнжыр — па 22-32,5 тысячы. Адно, па "нiзе" "скiнулi" фiнiкi — 7—14 тысяч супраць ранейшых 8—14 тысяч.

Па арэхах больш зрухаў. Тут толькi арахiс захаваў свой ранейшы кошт — 8,5—13 тысяч рублёў за кiлаграм. Ачышчаныя грэцкiя арэхi "накiнулі" тысячу па нiжняй "планцы", фундук у аналагiчным параўнаннi — 500 рублёў. Цяпер, адпаведна, першы прадукт каштуе 20—30 тысяч, другi — 13,5—35 тысяч за кiлаграм.

Знiзiлiся цэны на кветкi. Раней гваздзiка iшла па 3 тысячы, цяпер можна знайсцi i па 2,5 тысячы. Ружа сёння прадаецца на рынку па 2—7 тысяч за кветку, было нядаўна — 3—8,5 тысячы рублёў.