Дырэктару філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі” быў названы “Чалавекам года”.

Сёлета Станіслаў Юльянавіч Гузень быў названы “Чалавекам года”.

Выходзіць, Вы самы што ні ёсць працаголік?

– Інакш не атрымліваецца. Калі цалкам не аддаваць сябе рабоце, не будзе таго выніку, да якога імкнуся. Іншы раз па 18 гадзін у суткі даводзіцца працаваць.

– Вам не пазайздросціш: як толькі ўзнялі на эканамічны грэбень свінагадоўчы комплекс, якім кіравалі 15 год, і, здавалася б, самы час спачываць на лаўрах, Вас зноў кінулі на штурм не проста стратнай, а літаральна тонучай у даўгах гаспадаркі – СВК “Жалудоцкі”…

– Ужо восем месяцаў, як мы ў адной звязцы: 2 красавіка комплекс і СВК рэарганізаваны ў агульны агракамбінат. Спадчына дасталася незайздросная – 16 мільярдаў рублёў доўгу! Разлічыцца з ім, зразумела, адным махам немагчыма, але паступова мы гэта зробім. Першае, што тут патрабуецца, – сур’ёзная санацыя эканомікі. За гэтыя восем месяцаў у асноўны капітал уклалі 19 млрд. 508 млн. інвестыцый. Штосьці выдзеліў “Скідзельскі”, аднак асноўныя сродкі – гэта прыбыткі ад дзейнасці свінакомплексу.

Ад дойкі ў вёдры – да поўнай камп’ютарызацыі ферм

– Станіслаў Юльянавіч, мадэрнізацыя для Вас – гэта не проста слова…

– Уявіце сабе, што ў былым СВК “Жалудоцкі” яшчэ захаваліся дзве фермы (дарэчы, адзіныя ва ўсёй вобласці!), дзе няма малакаправода, а дойка праводзіцца ў 16-літровыя тэхнічныя вёдры, якія даяркам уручную прыходзіцца цягаць у іншыя памяшканні праз вуліцу. У любую непагадзь! Таму першае, з чаго я пачаў справы ў аб’яднанай гаспадарцы, гэта мадэрнізацыя.

Мы ўжо завяршылі рэканструкцыю МТФ “Саваўшчына”, аснасціўшы яе самым сучасным абсталяваннем з перасоўнай даільнай залай. 200 кароў абслугоўваюць усяго дзве даяркі, кожная з якіх адначасова ўпраўляе шасцю (!) даільнымі апаратамі. Разумныя машыны самі ажыццяўляюць масаж вымя, аўтаматычна адключаюцца, калі на дойку прыйшла нездаровая жывёла: малако хворай рагулі нізашто не трапіць у даільную сістэму. Ферма цалкам камп’ютарызавана, на электронных табло высвечваюцца ўсе паказчыкі. Ці трэба распавядаць, да якой ступені тут аблегчана праца людзей?!

Зараз вядзём будаўніцтва новай МТФ на 610 галоў з рэканструкцыяй фермы “Валкавічы”. Ужо каркасы на ўсе карпусы пастаўлены, так што пачынаючы з мая новую МТФ будзем засяляць рагулямі.

Распрацоўваем і праектна-каштарысную дакументацыю на рэканструкцыю МТФ “Зенюкі” з будаўніцтвам новай малочна-даільнай залы. У выніку замест шасці існуючых у нас будуць тры сучасныя фермы. У планах – рэканструкцыя фермы “Вялікае Сяло” для ўтрымання быкоў на адкорме. Словам, за 2013-2014 гады павінны цалкам завяршыць мадэрнізацыю малочнай жывёлагадоўлі, стварыць дастойныя ўмовы для працы людзей, дабіцца добрых эканамічных паказчыкаў, а значыць і дастойных заробкаў.

Дастойная зарплата – найлепшы стымул

– Ці праўда, што зарплата ў працаўнікоў былога СВК “Жалудоцкі” пасля аб’яднання з комплексам узрасла ў … тры разы?

– Летась у работнікаў СВК “Жалудоцкі” сярэдні заробак складаў 1 395 тыс. рублёў, на сённяшні дзень – 3 927. Дадайце да гэтага яшчэ і лепшы ў раёне “сацыяльны пакет”. У людзей з’явіўся зусім іншы настрой працаваць, імкнуцца да дабрабыту.

І хоць я прыхільнік жалезнай дысцыпліны, аднак не спяшаюся выкрасліць з кадравага спісу тых, хто трапіў у палон зялёнага змія. Магчыма, дэпрэсіўны стан эканомікі, мізэрныя заробкі адабралі ў людзей веру ў заўтрашні дзень, і яны сталі тапіць свае праблемы ў шклянцы. П’янства сёння вельмі сур’ёзная бяда. Мы пераконваем – кожнага індывідуальна! – што становішча мяняецца да лепшага, сумленна працуючы, можна многага дабіцца, зарабіць на заможнае жыццё. Было б жаданне!

Гатоўнасць падтрымаць чалавека, які хоча збавіцца ад алкагольнай залежнасці, праяўляецца і ў тым, што мы заключылі дагавор з высокакваліфікаваным сталічным спецыялістам, які праводзіць кадзіраванне. Аплату бярэ на сябе гаспадарка. Вынік ёсць, праўда, не стопрацэнтны. Аднак 30% пацыентаў вяртаюцца да нармальнага жыцця, у сем’ях наладжваюцца адносіны – гэта дарагога каштуе.

Людзей заменяць робаты?

– Станіслаў Юльянавіч, ведаю, што Вы нядаўна вярнуліся з Германіі, дзе былі ў дзелавой паездцы. Там давялося бачыць, як жывуць нямецкія сяляне?

– Па праграме развіцця малочнай жывёлагадоўлі мне давялося пабываць у Ганноверы, дзе праходзіла выстаўка спецыялізаванага абсталявання. Наведалі мы і дзве прыватныя фермы, у кожнай з якіх па 200 дойных кароў. У абодвух выпадках – гэта сямейная справа, якой займаюцца бацькі і дзеці. Працуюць, што называецца, без выхадных і прахадных па 12 гадзін у суткі. Ніхто не лічыцца з часам. Дарэчы, адна з сямей спецыялізуецца на вытворчасці малака ажно 200 год, традыцыі перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Разам з гаспадарамі жывуць і іх старэнькія бацькі, якія па ўзросце ўжо не ўдзельнічаюць у бізнэсе, але да чыіх парад прыслухоўваецца малодшае пакаленне.

Калі адна з ферм мае даільную залу накшталт тых, што ёсць і ў нашай гаспадарцы, то на другой ферме даенне ідзе з дапамогай … робатаў. І там, і там дзённыя надоі складаюць па 28 літраў на карову. Што й казаць, вельмі мне спадабалася робатазіраваная ферма, дзе лазерны прамень усё ўлоўлівае і вызначае. Такія ўстаноўкі я бачыў і ў нас у Беларусі, да прыкладу, у Верцялішках. Мяркую, за імі будучае. Пры сённяшнім дэфіцыце кадраў на сяле робаты могуць паспяхова замяніць людзей. Важна і тое, што ў вытворчым працэсе цалкам выключаецца чалавечы фактар: робат не забудзе, не падвядзе… Зразумела, што для кіравання такімі ўстаноўкамі патрэбны адукаваныя, высокакваліфікаваныя спецыялісты. Не лішне памятаць, што акупіцца гэта дарагая тэхніка можа толькі пры еўрапейскім узроўні надояў. Нам у гэтым напрамку яшчэ трэба шмат працаваць.

Імпануе мне, што нямецкія фермеры вельмі ўзважана адносяцца да эканомікі, лічаць капейку, мэтазгоднасць кожнага вытворчага паказчыка. Да прыкладу, там не гоняцца за павелічэннем валу. Для іх важна рэнтабельнасць, а таму – у пошуках аптымальнай колькасці прадукцыі, вытворчасць якой прынясе іх гаспадарцы найбольшую выгаду. Крэдыты аграрыям прадастаўляюцца пад нізкія працэнты. Сельская гаспадарка датуецца такім чынам, што на кожны ўкладзены рубель – рубель і датацыяй.

“Каб любіць Беларусь нашу мілую”…

– А ўвогуле, якія ўражанні ад наведвання замежнай краіны?

– За мяжой я ўжо не першы раз. Праехаў практычна ўсю Еўропу. І хоць ніколі не дазваляў сабе больш чым 10-дзённы водпуск, пабываў як у вандроўках, так і дзелавых паездках у Галандыі, Фінляндыі, Чэхіі, Румыніі, Венгрыі, Турцыі… Уражанне такое: усюды вельмі цікава, ёсць чаму павучыцца, але больш прыгожай і больш чыстай краіны, чым наша родная Беларусь, няма нідзе. Гэта я вам гавару вельмі шчыра. І жывём мы не горш, чым людзі ў іншых дзяржавах.

“Мая навука – з жыцця”

– Станіслаў Юльянавіч, адкуль, на Ваш погляд, у чалавека бярэцца талент лідара, кіраўніка, які здольны эфектыўна арганізаваць справу, павесці за сабой калектыў. Дарэчы, што Вы робіце, калі перад Вамі стаіць ну проста невырашальная задача?

– У мяне такіх не было (усміхаецца). Ну а быць добрым упраўленцам ці, як цяпер кажуць, менеджарам, актыўны, нераўнадушны чалавек вучыцца ўсё жыццё. Я ніколі не лічу, што ўжо ў чымсьці стаў карыфеем, што я ўсё ведаю і ўсё спасціг. Вельмі важна ўвесь час развівацца, вучыцца ў іншых, пераймаць вопыт, умець працаваць з людзьмі.

– Раскажыце, калі ласка, пра сябе, пра свае вытокі…

– Я – жалудоцкі, з простай сялянскай сям’і, дзе практычна ў нястачы падрасталі шасцёра дзяцей. Бацькам было вельмі няпроста, асабліва, калі тата стаў інвалідам. Я змалку ўмеў працаваць на зямлі: араць, касіць, пасці статак… Мы не ўяўлялі сябе без работы. У 15 год, падчас летніх канікулаў, папрасіўся на працу ў калгас – прыцэпшчыкам. Цэлы дзень у полі, рот і нос забіты пылам – ой, нялёгкі гэта быў хлеб! Пасля такой “летняй практыкі” пайшоў вучыцца на трактарыста ў Казлоўшчынскае вучылішча, потым і Жыровіцкі тэхнікум закончыў. Прайшоў прыступкі ад механізатара, шафёра да механіка, калі ўжо пад сотню вадзіцеляў было ў маім падначаленні. Вучыўся ў сельгасінстытуце завочна, звяраючы тэорыю з практыкай адначасова. І, ведаеце, гэта быў нядрэнны варыянт. У 1986 годзе мне прапанавалі пасля чарговага ўзбуйнення калгаса ўзначаліць вытворчы ўчастак, які раней быў цэлай гаспадаркай. Увогуле на маёй памяці існаваў нават калгас імя Сталіна, а яшчэ – “Перамога”, “Зара камунізму, “40 год Кастрычніка”… Усё гэта вехі гісторыі нашага сённяшняга агракамбіната.

У 1996 годзе ўзначаліў Жалудоцкі свінагадоўчы комплекс, які дынамічна развіваецца, ствараючы падсобныя вытворчасці, перапрацоўку. Многія вытворчыя паказчыкі ўражваюць. Да прыкладу, на адкорме і дарошчванні свіней мы ўжо дабіліся сярэднясутачнай прывагі 769 грам. Гэта еўрапейскі ўзровень! Пры тым, што ў свае кармы мы не дадаём стымулятараў росту і біядабавак.

І, шчыра кажучы, чым большых дасягненняў дабіваўся наш комплекс, тым больш крыўдна мне было глядзець на заняпад у сельгаскааператыве “Жалудоцкі”, які, па сутнасці, назаўжды застанецца для мяне родным калгасам, што даў пуцёўку ў самастойнае жыццё, дзе я вырас і як асоба, і як спецыяліст, і як кіраўнік.

– Станіслаў Юльянавіч, а можаце сябе ўявіць не аграрыем, а ў нейкай іншай сферы дзейнасці?

– Не! Хоць спакуслівыя прапановы па жыцці паступалі. Калі служыў у паветрана-дэсантных войсках, быў адным з самых актыўных камсамольцаў, потым у партыю мяне прынялі і прапанавалі застацца ў арміі на пасадзе палітрука, афіцэрскае званне давалі. Ды дзе там – я без роднага Жалудка сваё жыццё не ўяўляў! Ведаеце, я і цяпер страшны патрыёт свайго пасёлка.

Дэпутацкі мандат – не дзеля прэстыжу

– Станіслаў Юльянавіч, не па чутках знаю, што многае робіце для людзей не толькі як кіраўнік гаспадаркі, але і як дэпутат.

– Людзі звяртаюцца не толькі падчас прыёмаў, але ў самых нечаканых месцах – на вуліцы, у Доме культуры, у касцёле… Дарэчы, я – чалавек глыбока веруючы. Стараюся зрабіць для іншых усё, што ў маіх сілах. Памятаеце біблейскае: трэба адносіцца так да людзей, як ты хацеў бы, каб аднесліся да цябе. Павагай у нас акружаны ветэраны, клопатам – адзінокія. Выдзелілі ім бясплатна бульбу на зіму. Тых працаўнікоў, у каго на падвор’і рагулі, забяспечылі сенам і саломай. Зноў жа на бязвыплатнай аснове.

Сочым, каб людзям на нашай тэрыторыі жылося камфортна: раўняем і грэйдзіруем па меры неабходнасці дарогі. Спонсарскую дапамогу аказваем храмам – касцёлу і царкве, Дому культуры, творчым людзям, не застаёмся ў баку ад тых шматлікіх цікавых праектаў па ўстойлівым развіцці, якія рэалізуюцца ў Жалудоцкім пассавеце.

Да ўсяго дэпутацкая трыбуна дазваляе агучыць пытанні, якія хвалююць землякоў, злабадзённыя праблемы сельскай гаспадаркі.

Шанаваць зямлю сваіх продкаў

– Што і хто дапамагае Вам набыць душэўную раўнавагу, аднавіць сілы і энергію для новых спраў?

– Безумоўна, гэта мой дом, у якім няма асаблівага багацця, але ёсць галоўнае – душэўная цеплыня, гармонія, парадак і ўтульнасць. Вельмі ўдзячны маёй жонцы – Галіне Генрыхаўне – за разуменне і падтрымку. Мы разам выхавалі дзяцей, якімі можам толькі ганарыцца. Сын Віталій працуе ў фірме “Біяком”, дачка Іна – у Гродзенскім аграрным універсітэце. Яна – малодшы навуковы супрацоўнік.

Самая вялікая радасць – гэта, безумоўна, унукі. Іх у нас чацвёра. Усё раблю, каб малышам было цікава. Улетку ў двары ў нас усё патанае ў кветках: гэта – наша з Галінай хобі. Альпійскія горкі, дызайнерскія куточкі, дзіцячыя пляцоўкі з гамакамі, лазня з басейнам, сад, агарод – усё сваімі рукамі і сваёй працай, для любімых людзей. Хачу, каб унукі не толькі з інтэрнэта веды чэрпалі (яны даўно на “ты” з камп’ютарам), але і на свае вочы бачылі, як пшаніца расце, як певень кукарэкае, як цюльпаны свае бутоны раскрываюць па вясне. З 8-гадовым унукам Дзянісам у нас вельмі многа агульных спраў. Хачу, каб ён гэтак жа, як і я, моцна-моцна палюбіў зямлю сваіх продкаў.

ГутарылаТаццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

Источник: dzyannica.by