Будучая фабрыка малака.

5 снежня 2012 года ў сельгаспрадпрыемстве “Дворышча-Рас” было ўведзена ў эксплуатацыю яшчэ одно жывёлагадоўчае памяшканне, што дазволіла практычна вырашыць вострую праблему недахопу вытворчых плошчаў .

На правядзенне яго рэканструкцыі было затрачана звыш 2 мільярдаў рублёў бюджэтных сродкаў, сродкаў гаспадаркі і крэдытных рэсурсаў, якія павінны вярнуцца ў выглядзе дадатковых соцень кілаграмаў малака. Пра гэта наша размова з намеснікам дырэктара сельгаспрадпрыемства “Дворышча-Рас” па жывёлагадоўлі Дзмітрыем Бельскім.

– Чым новае жывёлагадоўчае памяшканне адрозніваецца ад тых, дзе праводзілася рэканструкцыя раней?

– Значных адрозненняў няма. З дробных – больш зручны для жывёлы і шырокі кармавы стол, агароджванне якога, з аднаго боку, з’яўляецца перашкодай для лёгкага доступу каровы, а з другога боку, не перашкаджае ёй атрымоўваць кармы. Акрамя таго, будаўнікі вытрымалі ўсе тэхнічныя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да падлогі на ферме, дзякуючы чаму месцы, дзе знаходзяцца каровы, больш сухія і чыстыя. Абсталявана памяшканне транспарцёрамі для выдалення гною, сістэмай водапаення, малакаправодам, пабудаваны прафілакторый для нованароджаных цялят на 32 месцы, раздачай кармоў займаецца кормараздатчык. Іншымі словамі, створаны здавальняючыя ўмовы для самой жывёлы, а значыць, і для атрымання годных надояў малака.

– Колькі галоў буйной рагатай жывёлы цяпер утрымліваюцца ў новым памяшканні?

– Тут мы размясцілі 200 галоў дойнага статка. Палову з іх перавялі з памяшкання, дзе нават не было малакаправода і аператарам машыннага даення – Таццяне Якаўлеўне Лапачкінай і Ганне Віктараўне Маёравай – прыходзілася пераносіць малако ў бітонах. Акрамя гэтых жанчын, на новай ферме працуюць аператары машыннага даення Алена Яўгенаўна Селязнёва і Ірына Генадзьеўна Рудак, умовы працы якіх, безумоўна, таксама палепшыліся. Акрамя таго, увод у эксплуатацыю новага памяшкання нарэшце дазволіў нам ажыццявіць даўнія планы наконт стварэння і размяшчэння на асобнай ферме груп цялушак. Цяпер спецыялісты гаспадаркі змогуць шчыльна заняцца пытаннямі аднаўлення статка і атрымання высокапрадукцыйнай жывёлы.

– Праходзячы па новым памяшканні, я звярнула ўвагу на малочны блок. Напэўна, вялікі халадзільнік, які там устаноўлены, поўнасцю вырашыў праблему з захаванасцю малака?

– Канешне, гэта так. Цяпер на цэнтральнай ферме працуюць два пяцітонныя халадзільнікі, што больш чым дастаткова, каб задаволіць нашы патрэбы ў захаванасці малака нават у спякотныя летнія дні. Акрамя таго, новы малочны блок укамплектаваны новым даільным абсталяваннем. Галоўнае – беражліва адносіцца да яго, каб захаваць на больш працяглы час.

– А як тут кантралююцца пытанні атрымання і захавання малака высокай якасці?

– Дзякуючы ўводу новага памяшкання ў гаспадарцы ўпершыню з’явілася сапраўдная малочная лабараторыя , для якой спецыяльна закуплена цэнтрафуга лабараторная ўніверсальная “Арбіта”, тлушчамеры, вадзяная лазня, рэактывы, колбы і іншае абсталяванне для правядзення аналізу малака на ўтрыманне ім тлушчу, рознага віду механічных забруджванняў, вызначэння шчыльнасці і г.д. Маючы на руках вынікі аналізаў, мы зможам больш паспяхова ўплываць на атрыманне малака высокай якасці, у прыватнасці, гатунку “Экстра”. Па-другое, гэта дасць нам магчымасць аналізаваць работу кожнага аператара машыннага даення і прад’яўляць пры неабходнасці тыя ці іншыя прэтэнзіі наконт захавання тэхналагічнай дысцыпліны. І тут у якасці аргумента будуць выступаць не толькі словы, а і вынікі аналізаў малака, атрыманага ад кароў іх групы. – Хто будзе займацца лабараторнымі даследаваннямі? – Лабарант Алена Генадзьеўна Мядзвецкая, якая прайшла адпаведную падрыхтоўку на Расонскім вытворчым участку ААТ “Полацкі малочны камбінат”. Пакуль што яна робіць першыя крокі ў авалоданні новай для сябе прафесіяй, аднак, думаю, у Алены Генадзьеўны ўсё атрымаецца. – Як Вы ацэньваеце першы месяц работы калектыву новага жывёлагадоўчага памяшкання?

– Пра высокія надоі гаварыць рана. Але ж патэнцыял ёсць, толькі трэба яго раскрыць. Жывёлаводы, што працуюць тут, абавязаны вярнуць гаспадарцы грошы, якія былі выдаткаваны на правядзенне рэканструкцыі. Інакш сэнсу проста няма. Спадзяюся, што ў хуткім будучым пра новую ферму мы зможам гаварыць як пра сапраўдную фабрыку малака, што прыносіць у кішэню сельгаспрадпрыемства значныя грашовыя паступленні.

Источник: www.rossonka.by