Школьное питание: плюсы и минусы

Пры размове з жанчынамі, якія маюць яшчэ непаўналетніх дзяцей, часта можна пачуць абурэнне наконт прыярытэтаў у харчаванні іх дачок і сыноў.

Замест хатняй, з любоўю прыгатаванай ежы, яны аддаюць перавагу “фаст-фудам” і ўсялякім прысмакам. Некаторыя з іх ухітраюцца купляць такую “ежу” за зэканомленыя на школьных абедах грошы. Пра гэта мамы і таты звычайна дазнаюцца толькі на бацькоўскіх сходах. У школе нясмачна! Так дзеці аргументуюць “эканомію” выдадзеных на абеды грошай.

Тэма харчавання дзяцей у дзіцячых садах і школах заўсёды была і будзе актуальнай, з вялікай колькасцю пытанняў. Для бацькоў галоўнае — не толькі, каб іх нашчадак атрымаў і з’еў сваю порцыю, але і тое, каб яна была якаснай. Вось якасць і правільнасць прыгатавання спецыялісты нам гарантуюць. А пытанне “смачна-нясмачна” застаецца праблемным. Але ж калі бацькі дашкольніка могуць быць упэўнены, што іх дзіця ні ў якім разе не застанецца галодным, бо зоркае вока выхавальніка заўсёды за гэтым пільна сочыць, то школьнікі, асабліва старэйшых класаў, вельмі часта пакідаюць пасля сябе поўныя талеркі або, увогуле, адмаўляюцца ад абедаў.

Праблемы ёсць, але выхады знойдзены

Прынцыпы рацыянальнага школьнага харчавання адпаведнымі службамі распрацаваны даўно. Школьныя абеды павінны набліжацца да дыетычнага харчавання. Толькі, як вядома, карысная ежа не заўсёды смачная. Як заахвоціць і прывучыць нашых дзяцей да яе? Перш за ўсё, гэта абавязак бацькоў. Будзе няправільна, калі мы ўсё спіхнём на школу, маўляў, грошы заплачаны – павінны накарміць. Школа па ўсіх нарматывах не абавязана прадастаўляць сутачны рацыён харчавання. Згодна з санітарнымі правіламі дзеці ў школе павінны атрымаць толькі другі гарачы сняданак, акрамя, канечне, асобных катэгорый дзяцей. Але пра тое, што праблемы з харчаваннем і ў дзіцячых садках, і ў школах усё ж ёсць, мы дазналіся з размовы з тэхнолагам аддзела адукацыі райвыканкама Надзеяй Аляксандраўнай Несцяровіч:

– За ўтрыманне дзяцей у дашкольных установах бацькі плацяць толькі 40 працэнтаў ад агульнай платы за харчаванне. Апошняе павышэнне грашовых нормаў было ў лютым 2012 года, таму сёння ёсць неадпаведнасць паміж натуральнымі і грашовымі нормамі. Выкананне натуральных нормаў за 9 месяцаў бягучага года па дашкольных установах выканана па асноўных прадуктах: мяса – 70 працэнтаў, рыба – 75, садавіна – 50, сметанковае масла і алей – 90, тварог – 65, сокі – 80, агародніна – 100, хлеб і хлебабулачныя вырабы – 100. Для стапрацэнтнага выканання натуральных нормаў грашовыя нормы для дашкольнікаў на сённяшні дзень павінны складаць каля 17.000 рублёў, замест 11.430 рублёў, якія ёсць зараз.

– Гэта значыць, што дашкаляты атрымліваюць меншыя порцыі? – пацікавіліся мы.

– Не, гэта не зусім так. Сняданак і абед яны атрымліваюць у адпаведнасці з усімі нормамі, а вось падвячорак – аблегчаны (малако ці кефір, булка ці страва з агародніны). Гэта дазваляе крыху зэканоміць, але не на шкоду дзецям, бо вечарам іх забіраюць бацькі, і паўнацэнную вячэру яны атрымліваюць дома.

Харчаванне школьнікаў раёна арганізавана самастойна ў 25 школах. За сродкі рэспубліканскага бюджэту харчуюцца 2043 вучні, яшчэ 133 школьнікі, якія наведваюць групы падоўжанага дня атрымліваюць бясплатнае трохразовае харчаванне. Ахоп гарачымі абедамі вучняў школ раёна складае 91,2 працэнта, астатнія – 8,8 працэнта – могуць карыстацца паслугамі буфетаў.

Але ў школах таксама існуюць праблемы ўсё па той жа прычыне неадпаведнасці натуральных і грашовых нормаў харчавання. Школьнікам часцей уключаць у меню больш таннае мяса птушкі, рыбу, каўбасныя вырабы, чым стравы з натуральнага мяса. Кошт школьнага абеду складае каля 5.000 рублёў.

Некаторыя ўстановы адукацыі для змяншэння кошту харчавання і павышэння яго якасці выкарыстоўваюць прадукцыю, якую вырошчваюць самастойна на прышкольных участках ці атрымліваюць ад сельгаспрадпрыемстваў на бязвыплатнай аснове. У сельскіх школах, дзе дазваляе халадзільнае абсталяванне, нарыхтоўваюць і замарожваюць ягады. Гэта практыкуецца ў Барсукоўскай школе і дзіцячым садку, двух Параф’янаўскіх і Валкалацкім дзіцячых садках, Прудніцкім, Янкаўскім і Гарадзішчанскім школе-садах і іншых. Парплішчанскі дзіцячы садок мясам і малаком забяспечвае мясцовае дзяржпрадпрыемства па больш таннай цане. Зэканомленыя грошы дазваляюць уключаць у рацыён дзяцей садавіну. На жаль, але гэта практыкуецца не ўсюды. Усе сельскія школы і дзіцячыя садкі рэгулярна ў меню ўключаюць яблыкі і стравы з іх. Як і ў мінулыя гады, сёлета ва ўсіх навучальных установах раёна нарыхтавана дастатковая колькасць агародніны. Многія школы на прышкольных участках вырошчваюць агародніну для асабістых патрэб, тым самым робяць таннейшымі школьныя абеды. “Фаст-фуд” у школе – забаронены прадукт

Для таго, каб упэўніцца, ці дастаткова ежы ў талерках школьнікаў, мы разам з памочнікам урача гігіеніста Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ліліяй Аляксандраўнай Скурат наведалі гарадскую школу № 1. Ужо ведаючы пра складаную сітуацыю з нормамі, нас цікавіла і тое, што прадаецца ў буфетах, бо продаж “фаст-фудаў” у школах забаронены.

На прылаўках школьнага буфета былі кексы, булачкі, пірожныя, вафлі, бутэрброды, шакалад, гарбата, сокі, – што ж, ва ўсялякім разе, гэта не забаронена санітарнымі нормамі. Хаця, дыетолагі сцвярджаюць, што булачка з гарбатай таксама не прыносіць ніякай карысці арганізму, асабліва дзіцячаму, але ж такі перакус не так жорстка «б’е» па страўніку. Любімыя дзецьмі чыпсы, сухарыкі і арэшкі мы, канечне, не знайшлі, але ўбачылі хот-догі, глазураваныя сыркі, газіраваныя напіткі і каву, якія рэалізоўваць у школах забаронена. Л.А. Скурат абавязкова давядзе гэту інфармацыю да ведама райста.

Як толькі прагучаў званок на перапынак, прасторная сталовая запоўнілася вучнямі 5-11 класаў. Пасля трэцяга ўрока харчуюцца “платнікі”, тыя, хто за абеды плаціць самастойна. На сталах дзяцей чакаў гарачы другі сняданак: адна лыжка салаты “Дары мора” (сыр, бульба, яйка і кансерваваная рыба), рысавая каша, булачка і какава. Увесь гэты комплекс каштуе 5.270 рублёў. Мы прасачылі за тым, як пусцелі талеркі школьнікаў: адны з’елі ўсё, іншыя – напалову, але шмат было такіх, хто да салаты нават не дакрануўся.

– Чаму салату не з’елі? – пытаемся мы.

– Не спадабалася. Вось учора была катлета з пюрэ, дык елі са смакам, – пачулі ў адказ.

Пра тое, што лепш з’ядаюць школьнікі, мы запыталіся і ў кладаўшчыка СШ № 1 І.К. Глінскай:

– Дзеці больш любяць, калі на талерках мяса.

– А чаму не даваць ім мяса, калі за абеды яны плацяць самі?

– Мы прытрымліваемся ўжо распрацаванага меню. Напрыклад, салату “Дары мора” сёння далі ўпершыню, хаця па кошце яна практычна аднолькавая з порцыяй мясной стравы. Заўтра будзе смажаніна – яе дзеці з’ядаюць заўсёды. Стараемся карміць дзяцей так, каб яны былі і сытымі, і задаволенымі.

Яшчэ адзін факт, які мы заўважылі, вучні 5-8 класаў харчуюцца практычна ўсе, а вось старшакласнікаў у сталовай мы налічылі толькі з дзясятак. Астатнія, напэўна, “эканомяць”.

P.S. Са слоў урача-педыятра ЦРБ Алены Бобрык, парушэнне харчавання можа прывесці да развіцця многіх захворванняў. Па стане на 17 кастрычніка ў нашым раёне захворванні страўнікава-кішачнага тракту выяўлены ў пецярых дзяцей ва ўзросце ад 7 да 15 гадоў. З-за няправільнага харчавання яны маюць такія захворванні, як гастрыт, язва, рэфлюкс-гастрыт.

Раніцай школьнік абавязкова павінен паснедаць. Гэта можа быць каша, малако, яйкі, садавіна, ёгурты, гарбата. Збалансаваны сняданак для школьніка – залог яго здароўя.

Ужыванне прадуктаў, у якіх вялікая колькасць солі, эфірных алеяў, кіслот, спецый, прыводзіць да раздражнення і парушэння цэласнасці сценкі страўніка. Вельмі важна абмежаваць рацыён вашага дзіцяці такімі шкоднымі прадуктамі, як супы і булёны хуткага прыгатавання, чыпсы, сухарыкі, маянэз, сасіскі, каўбасы і “фаст-фуды”. Паважаныя бацькі, беражыце здароўе сваіх дзяцей!

Таццяна ШУЛЬГАТ

Родныя вытоки