Вы здесь

Ухваляем рукі працавітыя

Інавацыйны шлях развіцця сельскай гаспадаркі і працавітасць нашых людзей дазволілі атрымаць у гэтым годзе высокія вынікі.

Сабрана 115 тыс. тон зерня, што на 28 тыс. тон больш леташняга, пры сярэдняй ураджайнасці па раёне 42,8 ц/га. Найбольшай ураджайнасці зерневых культур дасягнулі ААТ “Белавежскі”, “Усход-Каменец”, “Александрыя-Агра”. З улікам кукурузы плануецца атрымаць зерня больш за 140 тыс. тон. Атрымана высокая ўраджайнасць кукурузы на зерне ў ААТ “Макарава-Агра”, “Белавежскі”, “Александрыя-Агра”.

Гаспадаркі раёна добра спрацавалі па вытворчасці рапсу, атрымана каля 11 тыс. тон алейнага насення, што ў 2 разы больш мінулагодняга, пры сярэдняй ураджайнасці 24,3 ц/га. Самай высокай ураджайнасці рапсу дасягнулі ААТ “Александрыя-Агра” і “Белавежскі”.

З кожным годам павышаецца вытворчасць цукровых буракоў. У гэтым годзе валавы збор склаў каля 140 тыс. тон, што на 20 тыс. тон больш, чым летась. Лепшая ўраджайнасць цукровых буракоў у СВК “Хадасы”, ААТ “Усход-Каменец”, “Агра-Зарэчча”, СВК “АграНіва”.

Дасягнуты станоўчыя вынікі ў жывёлагадоўлі. За 10 месяцаў надой малака ад каровы па раёне павялічыўся на 201 кг і склаў 4324 кг, у ААТ “Белавежскі” – 5883 кг, “Відамлянскае” – 5322 кг. Павялічана вытворчасць малака на 6,1 % і на 5,1 % – вытворчасць мяса. Сем малочнатаварных ферм перавысілі шасцітысячны рубеж.

Адным з рэзерваў павелічэння вытворчасці і рэалізацыі малака з’яўляецца яго якасць. Заданне па рэалізацыі малака класам экстра і вышэйшым гатункам – не менш за 85% пры таварнасці 90%. За 10 месяцаў гаспадаркі раёна рэалізавалі класам экстра і вышэйшым 82,5% малака пры таварнасці 88,3%.

Выраслі ў гаспадарках сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы і свіней. Штогод атрымліваюць высокія сярэднясутачныя прывагі, больш за 1000 г аператары па адкорме буйной рагатай жывёлы Лаўранюк Іосіф з “Усхода-Каменца”, Лукашын Уладзімір з “Белавежскага”. Больш за 860 г – аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы Ліцвінец Тамара з “Агра-Зарэчча”, а аператар па вырошчванні рамонтных цёлак Пашкевіч Аляксандр з “Белавежскага” дасягнуў сярэднясутачных прываг у 1117 г.

Сёлета сельгасарганізацыям удалося нарыхтаваць травяных кармоў па 24,9 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што на 1,6 ц больш леташняга.

Пэўны ўклад у агульныя паказчыкі раёна ўносяць нашы фермерскія гаспадаркі. ФГ “Млыноўскае” на чале з Кайтасавым Яўгеніем атрымала больш за 2,5 тыс. тон агародніны; звыш 3 тыс. тон агародніны і 162 тоны зерня кукурузы – у гаспадарцы Ляшчука Васілія.

Традыцыйна з году ў год значную дапамогу сельгасарганізацыям аказваюць калектывы ААТ “Камянецкі райаграсэрвіс” і УП “Камянецкае ПМС”. Добрасумленна працуюць вадзіцель ААТ “Камянецкі райаграсэрвіс” Ярашук Андрэй, электрагазазваршчык Арсяновіч Канстанцін, трактарыст-машыніст Ніжнік Алег, грузчык аддзела паставак прадукцыі гэтага ж прадпрыемства Барута Аляксандр, машыністы экскаватараў “Камянецкага ПМС” Ледзянёў Васілій і Бяссонаў Анатолій, машыніст бульдозера Такарчук Мікалай, вадзіцель Хільмончык Дзмітрый і другія.

Перапрацоўчых прадпрыемстваў у раёне 4. СААТ “Белавежскія сыры” вырабіў таварнай прадукцыі на 179 млрд. рублёў, выпушчана 4 тыс. тон сыроў, экспарт прадукцыі склаў 14,3 млн. дол. ЗША. На прадпрыемстве добрасумленна працуюць майстар-сырароб Паляшчук Кацярына, слесар-рамонтнік Мышленнік Павел, эканаміст Ціхамірава Святлана…

40 тыс. тон алейнага насення рапсу перапрацавала ТАА “Аграпрадукт”. На прадпрыемстве выраблена 13,5 тыс. тон алею. Добра працуюць прасаўшчыкі-адціскальнікі Дзік Максім і Соц Дзмітрый, вадзіцель Шубіч Рыгор, зваршчык і аператар сушылкі Сідаракін Аляксей і другія.

ААТ “Вярховіцкі крухмальны завод” сёлета вырабіў 950 тон крухмалу, што на 320 тон больш мінулагодняга. Дабіваюцца добрых вынікаў апаратчык атрымання сырога крухмалу Кавалёў Васілій, інжынер-механік Баравых Андрэй, бухгалтар-эканаміст Піўнюк Валянціна…

Камянецкі каапнарыхтпрамгандаль за 10 месяцаў вырабіў 1352 тоны хлебабулачных і 73 тоны кандытарскіх вырабаў. Не першы год шчыруюць галоўны інжынер Гузюк Андрэй, майстар-пекар Шаціла Лідзія, пекар Дзік Таццяна, цеставод Анішчук Антаніна, машыніст цестаапрацоўчых работ Мацюхе­віч Тамара і другія.

На працягу 50 гадоў забяспечвае сельскагаспадарчую галіну раёна спецыялістамі і кадрамі масавых прафесій Высокаўскі каледж. Дапамогу гаспадаркам у навучанні і перападрыхтоўцы кадраў масавых прафесій аказвае вучэбны цэнтр райсельгасхарча. Пэўны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі раёна ўносяць калектывы раённай ветстанцыі і райплемстанцыі, райсельгасхарча.

Мы атрымалі пэўныя вынікі, але разам з тым перад намі стаяць новыя задачы: у 2013 годзе на 10% павялічыць асноўныя паказчыкі.

Источник: Навины Камянеччыны

«ПРОДУКТ.BY»
220005, г. Минск, ул. Платонова, 22-707

+375 (17) 33-16-555
+375 (17) 33-16-777
+375 (17) 39-65-321

mail@produkt.by

*Права защищены, любое использование информации без ссылки на источник produkt.by запрещено.
*За содержание рекламных сообщений ответственность несут рекламодатели.