«Трайпл-Велес» прыступіла да ўзвядзення самага буйнога ў Беларусі мясакамбіната.

На эканамічнай карце раёна ў хуткім часе з’явіцца новае сучаснае інавацыйнае прадпрыемства, на якім будуць працаваць больш за 800 работнікаў.

Кампанія па вытворчасці мясных і каўбасных вырабаў «Трайпл-Велес» прыступіла да ўзвядзення самага буйнога ў Беларусі мясакамбіната. Будаўнічая пляцоўка размясцілася на выездзе з Маладзечна, недалёка ад развілкі дарог на Вялікае Сяло і Вязынь.

Агульная карысць — Будаўніцтва комплексу мы пачалі ў верасні, — расказаў дырэктар ТАА «Трайпл-Велес» А.В. Іваноў. — Да Новага года плануем выканаць усе земляныя работы. Да канца наступнага года на месцы будаўнічай пляцоўкі з’явяцца цэх забою жывёлы і «халадзільнік». Каўбасны цэх будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў першай палове 2014 года. Па словах Алега Вітальевіча, тэхналогія па перапрацоўцы мяса і вытворчасці мясных вырабаў на новых плошчах будзе адпавядаць самым высокім сусветным стандартам. Для гэтага ў Аўстрыі і Германіі плануецца закупіць адпаведнае абсталяванне. Ручная праца на мясакамбінаце, які будуецца, будзе зведзена да мінімуму. Таму ўзнікне патрэба ў высокакваліфікаваных кадрах. Людзей на новую вытворчасць плануецца прыцягваць высокай заработнай платай і важкім сацыяльным пакетам. Пытанне з жыллём для маладых спецыялістаў ужо вырашаецца. — Жыхарам бліжэйшых ад будаўнічай пляцоўкі раёнаў не трэба хвалявацца наконт непрыемнага паху пасля запуску вытворчасці, — зазначыў дырэктар «Трайпл-Велеса». — Пры ўзвядзенні комплексу, а таксама пры яго эксплуатацыі будуць прымяняцца строгія экалагічныя нарматывы. Да таго ж, утылізацыя адходаў вытворчасці будзе адбывацца ў іншым месцы.

«Два ў адным»

А.В. Іваноў удакладніў, што пасля ўводу ў эксплуатацыю мясакамбіната вытворчасць, якая размешчана ў горадзе, будзе пера- прафілявана. Тут плануецца выпускаць ліверныя каўбасы, паштэты і іншую прадукцыю. Кіраў- ніцтва завода таксама застанецца адзіным. Уласна кажучы, мадэрнізацыя «старой» вытворчасці ўжо адбываецца. Так, зусім нядаўна на «Трайпл-Велесе» пачала працаваць новая кацельня. Яна дазволіць амаль удвая знізіць выдаткі на абагрэў памяшканняў.

У прыярытэце – маладзечанцы

— Наша прадпрыемства – экспартаарыентаванае, — адзначыў Алег Вітальевіч. – Штогод 85-90 працэнтаў прадукцыі пастаўляецца ў Расію. Працэнтаў 80 ад аб’ёму вытворчасці, што застаецца Беларусі, рэалізуецца ў Мінскай вобласці. На Маладзечна прыпадае прыкладна 80 тон мясных і каўбасных вырабаў. Пашыраць збыт прадукцыі на Маладзечаншчыне вельмі выгадна, бо ў гэтым выпадку прадпрыемства эканоміць на транспартных выдатках. А вось каб мясцовы спажывец палюбіў нашы прадукты, мы праводзім мэтанакіраваную работу. Так, ля прахадной завода працуе фірменны магазін «Трайпл-Велеса». Другі плануецца адкрыць у наступным годзе. І яшчэ. Цэны на прадукты кампаніі звычайна выстаўляюцца на 2-3 працэнты ніжэй, чым у канкурэнтаў.

Лакаматыў эканомікі

Прадпрыемствы перапрацоўчай галіны, да якіх адносіцца і ААТ «Трайпл-Велес», стымулююць развіццё айчыннай сельскай гаспадаркі. Кожнае з іх мае сваю сыравінную зону. Жывёла, якая прызначаецца для перапрацоўкі ў Маладзечне, пакуль забіваецца на арандаваных плошчах, частка якіх знаходзіцца па-за межамі нашага раёна. — З уводам у эксплуатацыю новага комплексу мы адновім сувязі з сельскагаспадарчымі арганізацыямі Маладзечанскага, Вілейскага, Валожынскага і Мядзельскага раёнаў, якія ў свой час пастаўлялі прадукцыю на Маладзечанскі мясакамбінат, — паведаміў А.В. Іваноў.

Кадры вырашаюць усё

Сёння калектыў прадпрыемства налічвае амаль 800 чалавек (гэта прыкладна адзін працэнт ад эканамічна актыўнага насельніцтва Маладзечаншчыны). Сярэдні заробак складае 4300-4500 тысяч рублёў. Да сацыяльных здабыткаў можна аднесці і тое, што абед у сталовай прадпрыемства для работнікаў «Трайпл-Велеса» бясплатны (пры тым што яго цана — 20 тысяч рублёў). — На заводзе робіцца многае, каб павысіць матывацыю работнікаў на стваральную працу, — зазначыў А.В. Іваноў. – Хачу выказаць падзяку ўсяму калектыву за ўклад у развіццё прадпрыемства. «Трайпл-Велес» — перспектыўная вытворчасць. Таму старшакласнікам ужо сёння трэба падумаць аб паступленні на спецыяльнасці, звязаныя з харчовай прамысловасцю. Такія спецыялісты будуць запатрабаваныя ў нашым горадзе, на нашым заводзе.

ДАВЕДКА У 2009 годзе ААТ «Трайпл-Велес» (частка холдынга «Трайпл») стала правапераемнікам КУП «Маладзечанскі мясакамбінат». Пасля мадэрнізацыі тэхналагічных працэсаў і рэканструкцыі самой вытворчасці прадпрыемства наладзіла рэалізацыю прадукцыі еўрапейскай якасці ў гандлёвыя сеткі Беларусі і Расіі. Алег БЯГАНСКІ. Фота Аляксея ПЛАТКО.

Источник: www.mgazeta.by