Прагрэсіўныя тэхналогіі — усё гэта для СААТ “Ляхавіцкі малочны завод” звычайная справа.

Завадчане не перастаюць здзіўляць навінкамі — то ў перааснашчэнні, то ў асартыменце прадукцыі.

Сёння прадпрыемства прапануе спажыўцам больш як 50 найменняў малочнай і кісламалочнай прадукцыі, якая запатрабавана ў гандлёвых кропках па ўсёй Беларусі. “Што за смаката!” — гурманы аднадумныя ў выснове, паспытаўшы ляхавіцкую малочную прадукцыю.

Сапраўды, тут еўрапейскі ўзровень падыходу да арганізацыі вытворчасці, эксплуатацыі абсталявання і ўкаранення новых тэхналогій, якія дазваляюць зменшыць затраты на энерганосьбіты і г.д., сцвярджаюць спецыялісты, у тым ліку і замежныя, якія наведваюць Ляхавіцкі малочны завод. Толькі сёлета па тэхнічным перааснашчэнні зроблена столькі, што некаторым прадпрыемствам не ўдаецца за дзесяцігоддзі.

— На мадэрнізацыю тэхналагічнага працэсу, механізацыю і аўтаматызацыю вытворчасці, стварэнне прадукцыйнай сістэмы эканоміі цеплаэнергарэсурсаў у гэтым годзе пайшло каля 6 мільярдаў рублёў — выключна ўласныя сродкі завода, — расказвае дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Жукоўскі.

Сума ўнушальная. Аднак, завадчане ўмеюць лічыць грошы, на вецер іх не пускаюць, і такія фінансавыя ўліванні сябе, безумоўна, апраўдваюць. На пачатку года былі закуплены і запушчаны ў дзеянне новыя фасовачна-ўпаковачныя машыны на лініі разліву цэльнамалочнай прадукцыі. Гэта дазволіла не толькі на 15-20 працэнтаў павялічыць прадукцыйнасць працы, але і поўнасцю акупіць за-трачаныя на набыццё абсталявання расходы літаральна за некалькі месяцаў.

— У студзені пачала дзейнічаць сістэма фільтрацыі пры вытворчасці казеіну, што дазволіла сэканоміць на матэрыяльных затратах, а ўкараненне аўтаматызаваных працэсаў вытворчасці яшчэ больш скараціла ручную працу, — гаворыць галоўны інжынер завода Аляксандр Клапаток.

Не застаўся ў баку ад рэканструкцыі маслацэх. Тут часткова заменена асноўнае тэхналагічнае абсталяванне, а ўдасканаленне тэхналагічнага працэсу вытворчасці масла, у тым ліку механізаванне працэсаў пры ўпакоўцы гатовай прадукцыі, дазволіла скараціць дапаможныя аперацыі. А гэта чарговы плюс да прадукцыйнасці працы.

Нямала сёлета зроблена і ў накірунку энергазберажэння. Па словах Аляксандра Клапатка, завершана рэканструкцыя кацельні, тэхналагічна састарэлыя катлы заменены на сучасныя з большым каэфіцыентам карыснага дзеяння і высокім узроўнем кантролю рэжымаў і аўтаматызацыі вытворчых працэсаў. Расход паліва знізіўся на 17-22 працэнты. З такіх эканамічна абгрунтаваных, да дробязяў пралічаных крокаў, а яшчэ з прафесіяналізму калектыву, прадбачлівасці кіраўніцтва, адказнасці і дысцыпліны, узведзеных у ранг абавязковых і бясспрэчных, і складваецца паспяховасць прадпрыемства.

Галіна КАНЬКО. Ляхавiцкi веснiк

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.