Новы рынак збыту асвоіў Валожынскі філіял ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат».

Разавая пробная партыя прадукцыі прадпрыемства, а менавіта 150 тон сухой малочнай сыроваткі, была адпраўлена нядаўна ў Кітай.

Дзелавыя кантакты з гэтай краінай наладжваліся паступова на працягу года. Пасля падпісання дагавора прадукт аўтамабільна-марскім шляхам накіраваўся ў Кітай. Прадпрыемства чакае падпісання і новых кантрактаў з гэтай краінай.

Сухая малочная сыроватка — адзін з найбольш даходных прадуктаў, які прыносіць істотную выгаду філіялу. Адходы ад сыраробнай вытворчасці заўсёды былі галаўным болем кожнага малакаперапрацоўчага прадпрыемства. Ператварыць адходы ў даходы дапамагло будаўніцтва новага цэха, які дазволіў перайсці на безадходны цыкл і стварыць экспартны прадукт, попыт на які пастаянна расце.

Дагэтуль асноўнымі рынкамі збыту для філіяла былі такія краіны бліжняга замежжа, як Расія, Азербайджан і Туркменія. Сёння прадпрыемства працягвае наладжваць і зусім новыя кантакты, як, напрыклад, з Кітаем. Магчыма, наступнай у спісе краін-пакупніц стане Украіна. Дэлегацыя гэтай краіны ўжо наведала Валожынскі філіял і мела магчымасць дэталёва азнаёміцца з працэсам вытворчасці і багатым асартыментам малочнай прадукцыі.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Источник: psl.by