Марат Новікаў забірае ў "Спартака" Melanie і Konfetoff.

Амерыканскі бізнэсовец Марат Новікаў, пазбаўлены летась кантрольнай долі акцыяў на "Спартаку" і "Камунарцы", заявіў пра намер выпускаць гатункі цукерак Melanie і Konfetoff на канвеерах еўрапейскіх краінаў.

У Гомелі кажуць, што ініцыятыва стала для іх поўнай нечаканасцю. Пакуль на прадпрыемстве не ведаюць, як ёй супрацьстаяць.

Хоць фармальна Марату Новікаву пакінулі на "Спартаку" 24% акцыяў замест ранейшых 54% (на "Камунарцы" засталося 12% ад колішніх 34%), але ўплываць на эканоміку прадпрыемства ён цяпер не можа. У такой сітуацыі спадар Новікаў не бачыць іншага выйсця, як забраць тое, што яму належыць, — інтэлектуальную ўласнасць: "Мы не хаваем, што шукаем сёння альтэрнатыву „Спартаку“. Больш за тое, мы ўжо маем двух еўрапейскіх вытворцаў, якія пагадзіліся на нашы прапановы і будуць вырабляць гэтыя шакалады, гэтыя цукеркі на сваіх фабрыках. Як і раней, мы будзем прадаваць іх праз свае збытавыя падраздзяленні — кампанію „Белкандытар“ і амерыканскую кампанію Desly International Co. Паколькі сітуацыя ў Беларусі складаецца не на нашу карысць, то гэтае пытанне практычна вырашанае і вядомыя брэнды будуць вырабляцца на іншых фабрыках. Як я мяркую, у канцы лютага мы ўжо выйдзем на рынак, але ўжо не пад спартакаўскай маркай".

Карэспандэнт: "Не баіцеся, што спроба пераарыентацыі вытворчасці прыбытковых гатункаў наткнецца на супраціў?"

"Паколькі мы гэта ўсё стваралі, за намі гэта ўсё зарэгістравана — найперш такія брэнды, як Melanie, Konfetoff, „Эрика“ і г.д. — амерыканская кампанія Desly International Co. мае поўнае права распараджацца далейшым лёсам сваёй прадукцыі. Яшчэ раз паўтараю: мы самі ўсё гэта стваралі, сваімі мазгамі і сваімі рукамі, мы за ўсё плацілі, мы ўсё распрацоўвалі. Таму, цалкам зразумела, мы нікому не дадзім гэтым карыстацца. Мы гэта ўсё самі прыдумалі, прайшлі ўсе гэтыя, можна сказаць, пакуты, а нас за гэта яшчэ так жорстка і пракінулі".

​​Верагоднасць страты раскручаных брэндаў, якія маюць добры попыт як у Беларусі, так і за мяжой, не радуе новае кіраўніцтва фабрыкі "Спартак". Разам з тым адказныя работнікі пераконваюць: афіцыйнага паведамлення з боку Марата Новікава пакуль не атрымлівалі. Гаворыць першы намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях Мікалай Буйневіч: "На жаль, нічога не магу вам адказаць па гэтым пытанні. Не валодаю папросту сітуацыяй. Паспрабуйце набраць юрыдычную службу, бо ў мяне ніякіх падрабязнасцяў няма".

Аднак у юрыдычным аддзеле таксама нічога праясніць не здолелі:

"Ведаеце, у нас няма такога кшталту юрыдычных дакументаў і такога паведамлення. І я не ўпаўнаважаная рабіць нейкія каментары на той выпадак, калі мы раптам сутыкнёмся з такой сітуацыяй".

Не ведаюць пра магчымасць зменаў свайго лёсу і ў гомельскім офісе даччынага прадпрыемства Konfetoff — там параілі звяртацца непасрэдна да кіраўніцтва фабрыкі. Генеральны дырэктар Алег Жыдкоў гэтымі днямі ў камандзіроўцы, а ягоны намеснік па вытворчасці і тэхналогіі Аляксандар Чарняцоў прызнае, што агульная доля названай прадукцыі, сапраўды, значная: "Вядома, доля значная. Але мне складана камэнтаваць, як можа ўсё павярнуцца. Такія пытанні вырашаюцца на ўзроўні генеральнага дырэктара. Бо я нават не ў курсе — было нейкае паведамленне, не было паведамлення…" ​​ Марат Новікаў тым часам настроены рашуча: "Проста многія не разумеюць: каб вырабіць нейкую цукерку, якая сёння насамрэч адпавядае міжнародным стандартам і будзе канкурэнтаздольная на рынку, то гэта не такая лёгкая задача. Прыкладам, мы ў вялікую каробку Melanie — а гэта персанальна мой, без лішняй сціпласці, твор мастацтва — уклалі тры гады працы. Мы тры гады яе стваралі, дараблялі, перараблялі, чаго толькі мы з гэтай каробкай не рабілі. Як вынік, цяпер лінейка цукерак і шакаляду Melanie — самыя папулярныя беларускія кандытарскія вырабы па ўсім свеце, яна найлепш прадаецца і карыстаецца заслужаным попытам у пакупнікоў. Ва ўсіх краінах, дзе прадстаўленая гэтая прадукцыя, з яе рэалізацыяй няма аніякіх праблемаў".

Эксперты не выключаюць, што ў намерах спадара Новікава прысутнічае і пэўны элемент помсты. Пасля таго, як летась у кастрычніку Аляксандар Лукашэнка загадаў нацыяналізаваць кандытарскія фабрыкі, а стратэгічны акцыянер быў абазваны "жулікам", новапрызначаным кіраўнікам "Камунаркі" і "Спартаку" забаранілі рэалізоўваць прадукцыю праз амерыканскую фірму Новікава Desly International Сo.:

"На Амерыку ўжо не даюць цукеркі, таму ад нашага імя туды экспарту больш няма. Даслалі нам лісты, што з Desly International Сo. не хочуць і не будуць працаваць. Знайшлі іншую кампанію — як з майго гледзішча, дык найгоршы варыянт. Не буду называць, бо непрыгожа і нетактоўна, але гэта аб’ектыўна самая дрэнная кампанія ў ЗША на расейскаарыентаваным рынку. З ёй нібыта хочуць падпісаць кантракт аб пастаўках прадукцыі на тэрыторыю ЗША. Калі Desly International Сo. мае склад з кандыцыянаваннем і г.д., цукеркі заўсёды ў найлепшым выглядзе даводзіліся да пакупніка — як і былі вырабленыя ў Беларусі. А гэтая кампанія, з якой хочуць працаваць як адна фабрыка, так і другая, не мае абсалютна нічога. Нават нармальных складоў не мае. Усё гэта жахліва, і мы, вядома, моцна перажываем. Нават не таму, што нам не даюць дыстрыбуцыю, а за іншае: усё, што за доўгія гады было створана, зводзіцца да мізэрнага стану, будзе адкінута да таго ўзроўню, які некалі быў".

Брэнды Melanie і Konfetoff фабрыка "Спартак" прэзентавала пяць гадоў таму, у 2008-м. Адпачатку яны былі арыентаваныя на экспарт. Цяпер гэтыя гатункі займаюць дзьве траціны ўсяго аб’ёму прадукцыі, якая выпускаецца на гомельскім прадпрыемстве.

Источник: svaboda