Белорусские ученые разработали новый способ диагностики болезней сельхозрастений

Распрацаваны метад істотна скароціць час дыягностыкі ўзбуджальнікаў захворванняў раслін: калі пры выка­рыстанні традыцыйных падыходаў на гэта выдат­коўвалася некалькі тыдняў, то зусім хутка працэдура зойме ўсяго 1—2 дні. Высокая прадукцыйнасць, дакладнасць вызначэння патагенаў, распазнаванне хвароб сельскагаспадарчых культур на ранніх стадыях — пра гэтыя і іншыя перавагі новага спосабу ПЦР-дыягностыкі «Р» даведалася ў Інстытуце мікрабіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук.

Насельніцтва нашай планеты няўмольна павялічваецца: калі яшчэ ў 2011 годзе на зямлі пражывала каля 7 млрд чалавек, то мяркуецца, што да 2024 года гэтая лічба перасягне мяжу ў 8 млрд. Ежа жыццёва неабходна кожнаму з нас, таму забеспячэнне насельніцтва харчаваннем — адна з асноўных задач, якая стаіць перад усімі краінамі. Сельская гаспадарка інтэнсіўна развіваецца, адсюль і негатыўныя наступствы: парушаецца севазварот, пагаршаецца фітасанітарны стан глебы, у грунце зніжаецца колькасць пажыўных рэчываў, неабходных для здаровага развіцця раслін. Сельгаскультуры становяцца больш успрымальнымі да розных захворванняў. Штогадовыя сусветныя страты ўраджаю сельгаскультур налічваюць некалькі дзясяткаў мільярдаў долараў. Гібель раслін з-за хвароб адбываецца ў 13—16 выпадках са 100.

Што тычыцца нашай краіны, то кліматычныя ўмовы спрыяльныя для развіцця больш за 65 відаў насякомых-шкоднікаў і больш за 100 розных хвароб сельгаскультур. Прычым гінуць культуры як ва ўмовах адкрытага грунту, так і закрытага. Чаму, тлумачыць вучоны сакратар Інстытута мікрабіялогіі НАН Анастасія Сідарэнка:

— Асноўная прычына страты ўраджаю сельгаскультур ад розных хвароб — несвоечасовае выяўленне і няправільная ідэнтыфікацыя патагена. Калі мы не ведаем, які мікраарганізм выклікаў захворванне, вельмі складана правільна падабраць эфектыўныя сродкі абароны. А іх прымяненне на позніх стадыях, калі захворванне ўжо мае масавы характар або пашкоджана ўся расліна, не прыносіць жаданага выніку.

Традыцыйная дыягностыка ўзбуджальнікаў хвароб раслін, на жаль, не адрозніваецца высокай дакладнасцю. Часцей за ўсё спецыяліст разглядае расліну і вывучае сімптомы захворвання, на падставе якіх і ставіць «дыягназ». Ёсць іншы спосаб: частка расліны, пакалечаная хваробай, змяшчаецца ў спецыяльнае пажыўнае асяроддзе. Там вытрымліваецца некалькі дзён ва ўмовах, спрыяльных для росту патагена. Такім чынам можна атрымаць мікраарганізм, які выклікаў захворванне, вывучыць яго ўласцівасці і ідэнтыфікаваць. Але гэта працяглы працэс — можа спатрэбіцца некалькі тыдняў. Да таго ж і ў гэтым выпадку можна памыліцца. У дыягностыцы патагенаў раслін у краінах СНД і ў нас выкарыстоўваецца досыць дакладны метад — імунаферментны аналіз, аднак ён таксама мае шэраг мінусаў. Напрыклад, дара­гоўля з-за прымянення імпартных рэагентаў.

— У сучаснай медыцыне на­бі­рае папулярнасць ДНК-дыяг­ностыка. Яна мае шэраг важкіх пераваг, — тлумачыць дацэнт Анастасія Сідарэнка.

Гэты падыход вырашылі ўка­раніць і для праблем сельскай гаспадаркі. Вучоным Акадэміі навук спатрэбілася тры гады, каб распрацаваць спосаб ПЦР-дыягностыкі (палімеразная ланцуговая рэакцыя. — Заўв. аўт.) для вызначэння бактэрыяльных і грыбных узбуджальнікаў хвароб сельгаскультур. Зрабілі ары­гінальныя праймеры і пада­бралі ўмовы правядзення ПЦР, якія дазваляюць выявіць наяўнасць і вызначыць від патагенных мікра­арганізмаў.

У распрацоўкі шмат плюсаў. Напрыклад, высокая адчувальнасць аналізу — спецыялісты могуць выяўляць нават невялікую колькасць патагенаў, што важна для ранняй дыягностыкі захворвання раслін. Высокая прадукцыйнасць дазваляе прааналізаваць шмат узораў за адзін раз. Акрамя таго, у адной рэакцыі можна праверыць прысутнасць некалькіх патагенаў, якія выклікаюць захворванні з падобнымі сімптомамі. Неверагодная дакладнасць — вучоныя могуць выразна ідэнтыфікаваць від мікраарганізмаў. І хуткі вынік — аналіз займае ўсяго 1—2 дні!