ААТ “Валожынскі льнокамбінат” выпускае алей халоднага адціскання.

“Жывым” ільняным алеем папоўніліся прылаўкі прадуктовых крам райспажыўтаварыства.

Для гандлёвых кропак такі тавар – не навінка. Аднак ад сваіх раслінных “сабратаў” гэту марку алею адрознівае месца вырабу: яно не імпартнае, а, што называецца, “мясцовага разліву”. Тэхналогію вытворчасці гэтага цуда-прадукту нядаўна асвоілі ў ААТ “Валожынскі льнокамбінат”.

Някідкія на першы погляд паўлітровыя бутэлечкі захоўваюць у сабе незлічоныя вітамінныя скарбы. Сярод раслінных алеяў ільняны – рэкардсмен па ўтрыманні поліненасычаных тлустых кіслот амега-3 і амега-6, канцэнтрацыя якіх у два разы большая, чым у рыбіным тлушчы. З дапамогай гэтага льнянога “доктара” можна нармалізаваць абмен рэчываў, ачысціць арганізм, палепшыць стан скуры і валасоў, актывізаваць разумовыя працэсы і – што асабліва спадабаецца жанчынам – пахудзець. Усе карысныя якасці алею не пералічыць…

ААТ “Валожынскі льнокамбінат” выпускае алей халоднага адціскання – гэта галоўны “козыр” новага прадукту. Алей, які не прайшоў цеплавую апрацоўку, захоўвае ўсе карысныя ўласцівасці. Аднак жывуць дабратворныя рэчывы нядоўга, таму ў новага прадукту такі невялікі тэрмін прыдатнасці – 15 дзён з даты разліву. Каб вывучыць спажывецкі попыт на новы тавар, у гандлёвыя кропкі раёна льняны алей мясцовай вытворчасці пакуль пастаўляецца невялікімі партыямі. Навінка каштуе 26 тысяч рублёў. Тых, хто не эканоміць на сваім здароўі, гэты кошт не бянтэжыць. У краме “Гасцінец”, напрыклад, ільняны прадукт разабралі ў першы ж дзень прывозу.

Источник: psl.by