55 — ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”

За юбілеем — юбілей.Станаўленне яго і прафесійна, і ў якасці кіраўніка праходзіла менавіта тут, на камбікормавым заводзе.

Прыступка за прыступкай ішоў ён да дырэктарскай пасады: слесар, галоўны механік, намеснік дырэктара. З сакавіка 1987-га узначальвае калектыў. За ўсім гэтым гады напружанай працы, самаўдасканалення, творчага росту, наватарства. У любой справе стараецца праявіць сябе як адукаваны, прадбачлівы кіраўнік, настойлівы ў сваіх пачынаннях. Яго заўжды вылучае здольнасць арганізоўваць і каардынаваць работу ўсіх падраздзяленняў, ствараць у калектыве атмасферу ўзаемапатрабавальнасці, зацікаўленасці ў дасягенні пастаўленых мэтаў.

(Дырэктар Васіль Канстанцінавіч Волк)

У калектыве змены, якую ўзначальвае М.Д. Юхімук, няма «цякучкі» кадраў, лепшыя вытворчыя паказчыкі, добразычлівая атмасфера, усе жывуць дружнай сям’ёй. Апаратчык Аксана Сомава, аператар пульта кіравання Святлана Юрчук, апаратчык Дзяніс Каралюк, аператар пульта Любоў Ярац, майстар змены камбікормавага цэха Мікалай Юхімук, апаратчыкі Сяргей Барсукоў, Алена Галашка, Вадзім Літвінюк, слесар-рамонтнік Анатоль Карпук і апаратчык Алена Каралевіч.

… Завод — яго дзецішча. Яны раслі разам. Заводу — 55. Яго Кіраўніку сёлетняй вясной споўнілася крыху больш — 60, а яшчэ — 25 гадоў работы на нялёгкай дырэктарскай пасадзе. У наступным годзе будзе ізноў юбілей — 4 дзясятка працы на прадпрыемстве.

Усё пачыналася з “Заготзбожжа”

У 1948 годзе на ўскраіне Жабінкі была створана кантора “Заготзбожжа”. Назва гаварыла сама за сябе — тут цэнтралізавана прыймалі зерне, якое затым прасушвалася, пакідалася на захоўванне, альбо накіроўвалася перапрацоўшчыкам ці спажыўцам. У 1957 годзе на тэрыторыі прадпрыемства пабудавалі малагабарытны ўніверсальны камбікормавы завод МУКЗ-35 (магутнасць 35 т у суткі).

Гандлёва-вытворчы ўчастак «Сузор’е» — гэта міні-пякарня, мясная лаўка і магазін. Карыстаюцца попытам хлебабулачныя вырабы з камбікормавага завода.

Пекар Таццяна Кузаўка.

Такім чынам біяграфія завода бярэ пачатак з невялікай вытворчасці мясцовага маштабу, якая павінна была ўнесці навацыі ў традыцыйны сялянскі ўклад. Гэта былі спробы ўкараніць у грамадскую жывёлагадоўлю элементы навукова-прамысловага падыходу ў арганізацыі кармавой базы.

Гісторыя Жабінкаўскага камбікормавага завода — гэта гісторыя пастаяннага ўдасканалення тэхналагічных працэсаў, няспыннага паляпшэння якасці прадукцыі і паляпшэння ўмоў працы і быту работнікаў.

Увядзенне ў 1971 годзе лініі гранулявання з’явілася сапраўднай рэвалюцыяй у тэхналогіі вытворчасці і якасці гатовай прадукцыі. Адкрыліся новыя магчымасці для абагачэння кармоў, можна было пазбегнуць расслаення іх у час транспарціроўкі і захоўвання. Адна з заводскіх дынастый — Янкоўскія. Дочкі Наталля — вагаўшчык аўтатранспарту, Святлана — апаратчык камбікормавай вытворчасці, бацька Аляксандр Васільевіч — электраманцёр, сын Віталь — грузчык цэха фасоўкі.

У 80-ыя гады перад калектывам была пастаўлена задача ў сціслыя тэрміны адаптаваць вытворчасць да патрэб буйных жывёлагадоўчых комплексаў. У гэты час ішло актыўнае абнаўленне тэхналагічнага працэсу, нарошчваліся вытворчыя магутнасці. Былі поўнасцю аўтаматызаваны лініі дазіравання і змешвання кармоў.

У 90-ых гадах устаноўлены лініі лушчэння, зажарвання, экструдзірвання, а таксама для ўзбагачэння вадкімі энзімамі. Прадпрыемства атрымала магчымасць вырабляць самыя сучасныя камбікармы з усялякімі дабаўкамі, тэхналогія вытворчасці якіх змяніла спажывецкія ўласцівасці прадуктаў ужо на клетачным узроўні.

Да канца тысячагоддзя на заводзе поўнасцю аўтаматызаваны вытворчы працэс з дапамогай сістэмы “Кампазіт-2”. Сёння прадукцыя Жабінкаўскага камбікормавага завода — вядомы брэнд, з якім звязваюць выдатную якасць, новыя тэхналогіі і даволі шырокі асартымент камбікармоў для ўсіх відаў жывёл, птушак, рыб, а ў апошнія гады — гэта яшчэ і сухія кармы да дамашніх гадаванцаў.

Па самых складаных рэцэптурах

У цэхах завода нараджаюцца высокатэхналагічныя камбінаваныя кармы, а таксама БВМД “бялкова-вітамінныя мінеральныя дабаўкі). Спецыялісты прадпрыемства вывучылі перадавы вопыт расіян і, выкарыстоўваючы адпаведныя праграмы, аказваюць дапамогу спажыўцам у складанні рацыёнаў на аснове вызначэння кармавой базы. Затым заключаецца дагавор на выраб камбікармоў. Гэта дазваляе не толькі авансаваць сельгаспрадпрыемствы, але й пастаўляць прадукцыю вясковым спажыўцам у лік будучага ўраджаю.

Сёння на прадпрыемстве вырабляюцца камбікармы самых складаных рэцэптур. Разам з грубымі кармамі для дарослых асобін буйной рагатай жывёлы і свіней у шырокім асартыменце выпускаюцца і, што важна, гранулююцца, кармы “тонкіх” рэцэптур для маленькіх. Менавіта яны характэрныя для прадукцыі, якая пастаўляецца ў птушкаводчыя і рыбаводчыя гаспадаркі.

З выкарыстаннем тэхналогіі экспандзіравання стала магчымым увядзенне ў камбікармы вадкіх дабавак (патакі, алею), энзімаў, што станоўча ўплывае на засваяльнасць, балансіроўку кармоў, ухіляе іх “старэнне”, забяспечвае выключную гігіену вытворчасці, дазваляе рэгуляваць вільготнасць корму.

Першыя рэцэпты сухіх кармоў распрацоўваліся тэхнолагамі прадпрыемства, якія, у прыватнасці, абапіраліся і на вопыт замежных вытворцаў. Выраб гэтых кармоў з’яўляецца шматстадыйным і бесперапынна кантралюемым на ўсіх стадыях вытворчасці. Для прыгатавання кожнага віду настройваецца вытворчая лінія, у дакладных прапорцыях дазіруецца кожны інгрэдыент.

Трайны кантроль

Уся прадукцыя прадпрыемства праходзіць трайны кантроль якасці: на прыёмцы сыравіны, непасрэдна ў працэсе вытворчасці і на выхадзе гатовай прадукцыі. За ўсім сочаць супрацоўнікі вытворча-тэхналагічнай лабараторыі. Яна паспяхова прайшла акрэдытацыю і ўкамплектавана неабходнымі прыборамі. Актуальна, што за ўсе гады работы жабінкаўскія вытворцы камбікармоў не атрымалі ніводнай рэкламацыі ад спажыўцоў.

Безумоўна, складнікі паспяховай работы — высокапрафесійнае ўпраўленчае звяно і згуртаваны калектыў, дзе захоўваецца вытворчая і тэхналагічная дысцыпліна. Гэта, як паказала практыка, не меней важная канкурэнтная перавага, чым тэхнічнае пераўзбраенне.

Калектыў камбікормавага завода шмат разоў на розных узроўнях уганароўвалі за дасягненні ў вобласці якасці: пацверджанне гэтаму — граматы, дыпломы, падарункі… Прадукцыя прадпрыемства падтрымлівала ганаровыя званні штогадовага конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”. Сёлета ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” стаў канкурсантам у намінацыі “Прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння”.

Пачуць спажыўца

Каб быць бліжэй для спажыўца і максімальна задаволіць попыт у камбікармах, у 2002 годзе на прадпрыемстве было прынята рашэнне аб стварэнні аддзела рознічнага гандлю. Першымі “ў народ” пайшлі дыстрыб’ютары. Яны не толькі прадавалі камбікармы, але й кансультавалі насельніцтва аб правільным і рацыянальным кармленні іх гадаванцаў. Менавіта дыстрыб’ютарская сетка і адчыненыя першыя магазіны сталі пачаткам правільнага шляху ў развіцці гандлю ў розніцу.

Сёння ён прадстаўлены 120 дыстрыб’ютарамі і 40 магазінамі ў Брэсцкай вобласці, 3 гандлёвымі кропкамі ў Гродзенскай.

Прыярытэтнай для прадпрыемства з’яўляецца работа пад заказ (распрацоўка рэцэптуры згодна заяўкі кліента). Менавіта такім чынам вырабляліся камбікармы для страўсаў і шыншыл. Спажыўцы спаўна ацанілі такія навацыі.

Каб быць бліжэй да спажыўца, аддзел маркетынгу праводзіў прэзентацыі практычна ў кожным населеным пункце вобласці. Галоўная іх мэта — данесці да спажыўца інфармацыю і растлумачыць, што жабінкаўскія камбікормы — эфектыўныя, здаровыя і якасць іх гарантавана. І, канечне, браліся да ўвагі прапановы, заўвагі, што паступалі на месцах.

Удзел у рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных выставах-кірмашах стварыў у спажыўца ўяўленне, што Жабінкаўскі камбікормавы — надзейны партнёр, паспяховае прадпрыемства.

Высокі попыт на сухія кармы для катоў і сабак у замежных кліентаў падштурхнуў да рашэння стварэння аддзела знешняй эканамічнай дзейнасці. Летась у Кахахстан адной з фірм быў адгружаны вагон прадукцыі. Яна наладзіла не толькі гандаль, але й тэматычныя выставы нашых беларускіх камбікармоў.

… І мікраклімат у калектыве

На прадпрыемстве ва ўсе часы клапаціліся не толькі пра ўдасканальванне тэхналогіі вытворчасці, нарошчванні аб’ёмаў прадукцыі. У кожны перыяд свайго развіцця тут думалі аб захаванні і развіцці сацыяльнага асяроддзя і партнёрства. Цяпер на заводзе працуе 570 чалавек, калі азірнуцца на дзясятак гадоў назад — не болей 200. Уводзяцца новыя лініі — ствараюцца новыя рабочыя месцы.

Больш чым 30% працуючых — моладзь да 30 гадоў. У калектыў прыходзяць маладыя спецыялісты і застаюцца назаўжды.

Малады спецыяліст, майстар элеватара Кацярына Мароз.

Работнікам прадпрыемства створаны добрыя ўмовы для працы і адпачынку. Яны ўдзельнічаюць у спартыўных мерапрыемствах, розных конкурсах і аглядах. Ладзяцца вечары адпачынку і выхаднога дня, арганізуюцца экскурсіі. Жадаючым выдзяляюцца пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэнне і адпачынак. Працаўнікоў ушаноўваюць з юбілейнымі датамі, сямейнымі ўрачыстасцямі. Штогод праводзіцца конкурс “Лепшы ў прафесіі”. Імёны заслужаных работнікаў заносяцца ў Кнігу Працоўнай Славы. У ёй з’яўляюцца ўсё новыя і новыя завадчане, якія прымнажаюць поспехі і дасягненні роднага прадпрыемства.

Матэрыял падрыхтавалі Святлана ВІШНЕЎСКАЯ і Ірына ЖУК (фота).

Источник: Сельская прауда