Удакладнiць сiстэму паказчыкаў

Мiнсельгасхарч: наўрад цi магчыма спынiць скарачэнне вытворчасцi ў асабiстых гаспадарках насельнiцтва.

Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання ўчора на пасяджэннi Прэзiдыума Савета Мiнiстраў Беларусi прапанавала ўдакладнiць сiстэму паказчыкаў, якая даводзiцца сельскагаспадарчым арганiзацыям краiны на 2010 год, у частцы, што характарызуе эфектыўнасць iх працы, пiша Звязда. Пад старшынствам прэм'ер-мiнiстра Беларусi сяргея Сiдорскага, у прыватнасцi, абмеркавалi магчымасць мэтавага паказчыка па тэмпе росту прадукцыi сельскай гаспадаркi налета без улiку прадукцыi, якая атрымана ў асабiстых падсобных гаспадарках.

Гэтая прапанова Мiнсельгасхарча i аблвыканкамаў падтрыманая Нацыянальным статыстычным камiтэтам i НАН Беларусi. Паводле слоў мiнiстра сельскай гаспадаркi i харчавання Сямёна Шапiры, такi падыход дазволiць аб'ектыўна ацанiць дзейнасць грамадскага сектара сельскагаспадарчай галiны. Што ж датычыцца аб'ёмаў выпуску прадукцыi ў гаспадарках насельнiцтва, то iх будзе ўлiчваць Белстат па адпаведнай методыцы. Адзначаючы тое, што спажывецкi рынак рэспублiкi практычна забяспечаны прадукцыяй аграрыяў, а экспарт харчавання толькi павялiчваецца, Сямён Шапiра, разам з тым, падкрэслiў i наступнае: у асабiстых гаспадарках грамадзян, дзе выпускаецца 36 працэнтаў сельгаспрадукцыi, нават нягледзячы на падтрымку мясцовых органаў i сельгасарганiзацый, вытворчасць скарачаецца. І дадаў, што гэты працэс наўрад цi магчыма спынiць. Iншая справа — грамадскi сектар. Тут, дзякуючы падтрымцы дзяржавы i тэхнiчнаму пераўзбраенню, за апошнiя чатыры гады ўдалося забяспечыць прырост валавой прадукцыi ў 1,4 раза. Для дапаўнення кожнага працэнта скарачэння вытворчасцi ў асабiстых падсобных гаспадарках неабходна павялiчыць вытворчасць у грамадскiм сектары на 0,56 працэнта. "Для выканання прагнознага паказчыка па росце валавой прадукцыi пры тых тэмпах знiжэння вытворчасцi ў асабiстых гаспадарках, якiя намецiлiся (95 працэнтаў да леташняга ўзроўню), сельгасарганiзацыям неабходна павялiчыць аб'ём вытворчасцi валавой прадукцыi на 19 працэнтаў", — канстатаваў Сямён Шапiра. З улiкам гэтага i прапануецца асобна ацэньваць эфектыўнасць працы гэтых сектараў.

На пасяджэннi 29 верасня мiнiстр Сямён Шапiра таксама прапанаваў дапоўнiць дзейную сiстэму паказчыкам рэнтабельнасцi сельгасвытворчасцi па канчатковым фiнансавым вынiку. Пры гэтым, паводле яго меркавання, неабходна ўлiчваць спецыфiку сельгасвытворчасцi i рабiць ацэнку выканання гэтага паказчыка толькi па вынiках года. Па вынiках абмеркавання кiраўнiк Урада даручыў зацiкаўленым мiнiстэрствам i Нацыянальнай акадэмii навук дапрацаваць агучаныя прапановы, якiя здольныя ўдасканалiць сiстэму па ацэнцы эфектыўнасцi працы сельгасарганiзацый.